Партерный цветник Крулевщинской СШ им. И.Ф. Титкова стал призером республиканского конкурса «Украсим Беларусь цветами»
Крулеўшчынская сярэдняя школа імя І.П. Ціткова адзначана дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі па выніках рэспубліканскага конкурсу па добраўпарадкаванні тэрыторый «Упрыгожым Беларусь кветкамі».
Партэрны кветнік установы пад назвай “Мы памятаем! Мы ганарымся!”, прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, быў прадстаўлены ў намінацыі «Мая школа». Дыплом уручаны дырэктару школы Уладзіміру Піскуновічу падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ў Мінску.
Крулеўшчынская СШ – неаднаразовы прызёр дадзеных спаборніцтваў, у мінулыя гады была ўдастоена дыпломаў І і ІІІ ступеней. Цяпер поўны камплект узнагарод! Але ж, канечне, спыняцца ў развіцці ў гэтым кірунку калектыў не збіраецца.
Аўтарам ідэй, арганізатарам і куратарам работы па падрыхтоўцы конкурсных кветнікаў з’яўляецца непасрэдна дырэктар Уладзімір Піскуновіч. А ў цэлым у працэсе задзейнічаны многія вучні і настаўнікі.
Для клумбы адведзена спецыяльнае месца плошчай 90 квадратных метраў. Летась на ёй размясцілася кампазіцыя з аксаміткавай лічбай 80 і беларускім сцягам з сальвіі і старасценю (крестовника), для аздаблення былі выкарыстаны іншыя аднагадовыя расліны і дэкаратыўная адсыпка.
Уражвае аб’ём выкананых работ. Вось некалькі цытат са справаздачы з фотаздымкамі, якую прадаставілі крулеўшчынскія канкурсанты для журы: “Пачалося ўсё задоўга да аб’яўлення конкурсу. Лістапад 2024 года. На месцы нашага кветніка вядуцца работы па замене водаправоднай сеткі”; “Красавік 2025-га. Прыступілі да працы па падрыхтоўцы кветкавага матэрыялу”; “Май. Стан месца будучай кампазіцыі сумны. Прыцягваем тэхніку – уручную тут не справіцца”; “Нашы шэфы – ВУ “Віцебскторф” – дапамаглі з тарфяным пажыўным грунтам”; “Чэрвень. Раптоўны моцны град пашкодзіў шмат раслін. Прыйшлося перасаджваць з рэзервовага фонду”; “А потым задажджыла. Пераўвільготненасць глебы затармазіла развіццё раслін, але не здаёмся, ратуем кветкі…” І як жа радасна было вучням і настаўнікам дасягнуць жаданага!
– Калектыў добра папрацаваў для таго, каб тэрыторыя школы стала яшчэ больш прывабнай, – робіць высновы Уладзімір Піскуновіч. – А атрыманая ўзнагарода будзе для нас дадатковым стымулам у далейшай дзейнасці.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Крулеўшчынскай СШ.



