В первую субботу февраля… В СШ № 1 г. Докшицы состоялся вечер встречи выпускников (часть1)
Вечар сустрэчы з выпускнікамі ў СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога адбыўся ў форме палёту ў краіну школьнага дзяцінства на авіялайнеры.
Перад стартам усіх вітаў камандзір экіпажа – дырэктар школы Іван Шкелка, які пажадаў удзельнікам свята добрага адпачынку. Акрамя таго, выканаў ганаровую місію – уручыў пасведчанне аб прысуджэнні прэміі Віцебскага аблвыканкама за перамогу ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры мінулагодняй выпускніцы, а цяпер першакурсніцы факультэта журналістыкі БДУ Соф’і Варановіч.
Шчырыя апладысменты гучалі ў адрас ганаровых пасажыраў школьнага авіялайнера – настаўнікаў-ветэранаў: Дануты Іосіфаўны Тумашэвіч, Уладзіміра Міхайлавіча Мядзюхі, Аляксандры Яўгенаўны Ярашэвіч, Аляксандра Аляксандравіча Савулава, Наталлі Іванаўны Канцавой, Тамары Віктараўны Новікавай.
Вядучыя запрашалі на сцэну былых выпускнікоў, для якіх яшчэ раз сімвалічна празвінеў школьны званок. На нейкі час забыўшыся пра ўзрост, клопаты, пасады, усе быццам зноў станавіліся гарэзлівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі і выконвалі заданні: на ўроку музыкі – спявалі, рускай мовы – пісалі сачыненне, гісторыі – шукалі адказы на жартоўныя пытанні. А яшчэ збіралі з картак пажаданні любімай школе.
“Палёт” суправаджаўся музычнымі выступленнямі сённяшніх вучняў школы, а таксама іх настаўнікаў. Напрыканцы мерапрыемства ўсе мелі магчымасць пакінуць пажаданні выпускнікам гэтага года. Канверт са шчырымі словамі будзе адкрыты на выпускным вечары 2026 года.
Тамара Новікава:
– На вечары сустрэчы я і ў якасці педагога, і ў якасці выпускніцы школы. З амаль сарака гадоў педагагічнай дзейнасці дваццаць пяць прысвечаны менавіта гэтай установе. Вельмі прыемна бачыць сваіх вучняў, якія дасягнулі пэўных поспехаў у жыцці. Але галоўнае, што яны сталі годнымі людзьмі. Школа была адпраўной кропкай у дарослае жыццё. Яна як родны дом, заўсёды рада сустрэчы.
Вольга Церах:
– На свой трыццацігадовы юбілей у родную школу прыляцела за тысячу кіламетраў з Аўстрыі, дзе жыву вось ужо дваццаць пяць гадоў. Многіх аднакласнікаў не бачыла з выпускнога. Нам ёсць што ўспомніць. Як здорава, што маецца такая магчымасць!
Сяргей Зялёнка:
– У нашага выпуску сёлета залаты юбілей. Сабралася больш за дваццаць чалавек! Цікава было ўбачыць нашы школьныя фотаздымкі на прэзентацыі ў фае. Вечар сустрэчы – гэта не проста дата ў календары, а эмацыянальнае падарожжа ў часе, мост паміж мінулым і сучаснасцю, унікальнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае пакаленні!
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.


























