Парафьяновской средней школе присвоено имя Героя Советского Союза Александра Черныша
У Параф’янаўскай сярэдняй школе адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прысваенню ўстанове імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Чэрныша.
Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы, іх педагогі і бацькі, прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі арганізацый раёна, а таксама ганаровыя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, пракурор раёна Ян Сасноўскі, пляменнікі Героя Савецкага Саюза Аляксандра Чэрныша Генадзь, Віктар і Аляксандр Чэрнышы.
Даведка “РВ”
Аляксандр Іванавіч Чэрныш нарадзіўся 12 лютага 1917 г. у в. Кромавічы Докшыцкага раёна ў сялянскай сям’і. Браў удзел у баях за вызваленне Заходняй Беларусі ў 1939 г. Удзельнічаў у савецка-фінскай вайне 1939–1940 гг. У Вялікую Айчынную вайну ваяваў на Ленінградскім, Закаўказскім, Бранскім і 1-м Беларускім франтах. Загінуў 29 чэрвеня 1944 г. Першапачаткова быў пахаваны ў в. Панюшкавічы Бабруйскага раёна. Перапахаваны ў Брацкай магіле ў в. Чарніца Бабруйскага раёна.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. капітану Чэрнышу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза за ўзорнае выкананне баявых задач камандавання на фронце, барацьбу супраць нямецкіх захопнікаў і выяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм. Узнагароджаны ордэнам Леніна і ордэнам Чырвонага Сцяга.
У аг. Бярозкі ўсталяваны бюст Герою, а на доме ў в. Кромавічы, дзе жыў А.І. Чэрныш, – інфармацыйная дошка.
– Параф’янаўская школа стала ў раёне пятай установай адукацыі, якой прысвоена імя героя, што вельмі радуе ўсіх нас, – сказала ў выступленні Валянціна Рандарэвіч. – Трэба раўняцца на барацьбітоў, якія заваёўвалі мір для сваёй краіны. Гэтак жа любіць Радзіму і прыкладаць намаганні для яе шчаслівай будучыні. Ганарыцеся тым, што школа носіць імя Героя Аляксандра Чэрныша. Цяпер перад вамі стаіць задача зрабіць работу па ўшанаванні гістарычнага мінулага яшчэ больш прыкметнай, дастойнай прысвоенага звання.
Пляменнік Героя Генадзь Чэрныш звярнуўся да вучняў і педагогаў як да нашчадкаў пераможцаў. Заклікаў берагчы мір, за які нашы продкі заплацілі высокую цану. Падзякаваў кіраўніцтву райвыканкама, аддзелу па адукацыі, Параф’янаўскаму сельскаму Савету дэпутатаў, калектыву школы за работу па прысваенні ўстанове імені Аляксандра Чэрныша.
Права адкрыць інфармацыйную дошку было дадзена Валянціне Рандарэвіч, дырэктару і выпускніку Параф’янаўскай школы Віктару Каросціку, Генадзю Чэрнышу і выдатніцы вучобы Анастасіі Янчак.
Каляровая дошка з партрэтам Героя размешчана каля ўваходу ва ўстанову. Яна будзе нагадваць пра адказнасць перад пакаленнем ваеннага часу, якое не шкадавала жыццяў у імя незалежнасці роднай зямлі.
Працяг мерапрыемства прайшоў у актавай зале. Там прысутныя перагарнулі старонкі гераічнага жыцця земляка і ўшанавалі яго памяць хвілінай маўчання. Школьнікі прачыталі кранальныя да слёз вершы пра Вялікую Айчынную вайну, якая бязлітасна разбурыла мільёны лёсаў. Прагучалі тэматычныя музычныя кампазіцыі ў выкананні вучняў, настаўніка Андрэя Воранава, народнага вакальнага ансамбля «Землякі» Параф’янаўскага СДК.
Да свята было прымеркавана і ўшанаванне прызёраў Міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Што было не са мной – памятаю. Наследнікі Перамогі”. Аксана Палачаніна ўручыла дыпломы трэцяй ступені вучням Захару Плюту і Анастасіі Янчак, а таксама павіншавала з гэтай нагоды іх настаўніка Вольгу Маркевіч, пажадала ад сябе асабіста і Беларускага фонду міру далейшых поспехаў.
Пляменнікі Аляксандра Чэрныша, якія прыехалі на ўрачыстае мерапрыемства ў Параф’янава, – сыны яго брата Паўла. Госці падзяліліся ўражаннямі ад свята з карэспандэнтам “РВ”.
Генадзь, г. Мінск, палкоўнік, службу заканчваў на пасадзе намесніка начальніка ўпраўлення Дзяржпагранкамітэта:
– Нізкі паклон людзям, якія маюць дачыненне да гэтай значнай для нашай сям’і падзеі. У свой час прафесію ваеннага выбіраў, матывуючыся подзвігам дзядзькі. Абараняць Айчыну – адна з самых пачэсных місій. Асаблівую актуальнасць яна набывае і зараз, калі ў свеце наяву бразгаюць зброяй, забываючы пра ўрокі вайны.
Аляксандр, г. Мінск, у мінулым спявак камернага хору:
– У сям’і бацькі ўсе ваявалі, таму мы з дзяцінства ўвабралі ў сябе ўдзячнасць пакаленню пераможцаў. Пра подзвіг Аляксандра Іванавіча Чэрныша ведала ўся вёска, як і пра ўдзел у фінскай вайне. Яго імя заўжды асацыіравалася з мужнасцю і гераізмам.
У дачыненні да школьнага мерапрыемства скажу: цудоўна, што ніхто не забыты! Жадаю Параф’янаўскай школе бадзёра крочыць наперад!
Віктар, в. Несцераўшчына, загадчык майстэрні ААТ “Таргуны”:
– Рады, што мой сын Дзмітрый працягвае дынастыю ваенных, – ён служыць у войсках МУС. Нашы дзеці выхоўваліся на прыкладах лепшых барацьбітоў за свабоду роднай краіны, у тым ліку аддаючы даніну памяці Герою Савецкага Саюза Аляксандру Чэрнышу. Для ўсіх нас ён жывая легенда. Шчырая падзяка за ўвекавечванне яго імені Параф’янаўскай школе! Жадаю вучням і настаўнікам поспехаў ва ўсіх пачынаннях, а ўсім нам – мірнага неба над галавой.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.
























