Со школьниками Докшицкого района встретились воспитанники Полоцкого кадетского училища
На базе СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч адбылася незабыўная сустрэча навучэнцаў раёна 5–8 класаў з выхаванцамі Полацкага кадэцкага вучылішча.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Падалец, дырэктар СШ № 2 г. Докшыцы Алена Камінская, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гэтай школы Алег Камінскі, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ПКВ Роберт Ісмайлаў, інструктар па баявой падрыхтоўцы Цэнтра ваеннай падрыхтоўкі, педагог дадатковай адукацыі вучылішча Аляксей Пятроў.
Вітаючы дзяцей, Алег Камінскі і Роберт Ісмайлаў адзначылі важнасць быць патрыётамі і абаронцамі сваёй Айчыны.
На пляцоўцы перад школай кадэты прадэманстравалі страявую падрыхтоўку – у новенькай форме, вымуштраваныя, дужыя, спрытныя. Маршыравалі са сцягам, з барабанамі, песняй і пад гучныя воплескі прысутных.
Відовішчным было таксама выступленне “спецназаўскай” групы.
А ў актавай зале для дзяцей і бацькоў арганізавалі прагляд відэаролікаў пра кадэцкае вучылішча. Удзельнікі азнаёміліся з правіламі прыёму ва ўстанову, умовамі навучання і побытам кадэтаў.
Здаецца, пасля такога яркага дня жадаючых падацца ў кадэцтва прыбавіцца. Ва ўсялякім разе, некаторыя докшыцкія рабяты пра гэта задумаліся.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.










