Адвокат из Докшиц Светлана Шишло действует по закону и в интересах человека

IMG_3486 с

26 чэрвеня – Дзень работнікаў пракуратуры і ўтварэння адвакатуры 

Імя адваката з Докшыц Святланы Шышла ведаюць далёка за межамі нашага раёна. За 26 гадоў, якія Святлана Мікалаеўна стаіць на варце праў і законных інтарэсаў грамадзян, у сувязі са службовай неабходнасцю ёй даводзілася бываць у кожным абласным цэнтры і безлічы рэгіёнаў, адкуль паступаў запыт з традыцыйна балючым: “Дапамажыце, калі ласка”.

– Святлана Мікалаеўна, з чым ідуць да адваката часцей?

– Ды практычна ўсім. Але вельмі радуе той факт, што колькасць цяжкіх крымінальных злачынстваў пакрысе змяншаецца. Калі некалькі гадоў таму ў мяне ў вытворчасці за год магло знаходзіцца да 300 спраў рознага характару, то летась іх было 120.

Але гэта ні ў якім разе не азначае, што нагрузка ў адваката памяншаецца. Як адзначае субяседніца, вельмі шмат у дзяржаве зроблена ў межах фарміравання прававой культуры. Грамадзяне добра ўсведамляюць: каб не дапусціць праблем з законам, лепш загадзя атрымаць кваліфікаваную юрыдычную дапамогу. Напрыклад, толькі летась Святлана Шышла правяла паўтысячы (!) кансультацый! Гэта пры тым, што адначасова ў вытворчасці знаходзілася ад 3 да 5 крымінальных, грамадзянскіх і адміністрацыйных спраў.

– Ці ёсць за апошні час выпадкі, якімі асабліва ганарыцеся?

– Адразу хачу акрэсліць, што мы звязаны з давернікам адвакацкай тайнай, таму пра канкрэтную фактуру гаворкі не можа быць. Аднак заўсёды з асаблівым запалам б’юся ў судзе за правы непаўналетніх, бо да прафесійнага і жыццёвага вопыту далучаецца мацярынскае сэрца. Дарэчы, з гэтым трыа часта ўдаецца даказаць, што яшчэ ў межах праверкі правы дзіцяці былі парушаны, і справа не даходзіць да суда. Яшчэ ў асабістым спісе самых дарагіх выпадкаў тыя, калі бакі падпісваюць міравое пагадненне, тым больш калі спрэчная сітуацыя ўзнікла паміж блізкімі людзьмі. Напрыклад, нядаўна такі пазітыўны фінал мела шматгадовая срэчка паміж братам і сястрой у адным з суседніх раёнаў. Дайшло да таго, што, дзелячы жыллё, родныя людзі кантактавалі толькі праз адвакатаў. Асабліва балюча было назіраць за гэтым, бо мой брат ужо пайшоў з жыцця. Але гэта асабістае. Разам з тым, вельмі марыла, што мы здолеем вырашыць сітуацыю і прывядзём бакі да згоды. Спадзяюся, што гэта мірнае пагадненне стане першай прыступкай на шляху аднаўлення ўзаемаадносін людзей.

– Святлана Мікалаеўна, зразумела, што не заўсёды даводзіцца абараняць цалкам невінаватых людзей. Як у такім выпадку не блытаць чалавечае з прафесійным?

– Давайце пачнём здалёк, але гэта важна. Ні адно злачынства чалавек не здзяйсняе проста так, што называецца, ад нуды. Заўсёды будуць пэўныя абставіны і перадумовы, магчыма, нават, з дзяцінства, якія “выбухнуць” у самы крытычны момант. І ніхто, паверце, ні адзін чалавек ад гэтага не застрахаваны. І калі спецыяліст з юрыдычнай адукацыяй збіраецца стаць адвакатам, яму неабходна быць працаголікам і паважаць людзей. Любых людзей. Ніхто не заклікае іх любіць, але паважаць – жалезна неабходна. Інакш даверу паміж вамі не ўзнікне, а значыць дакладныя абрысы сітуацыі табе ніколі не паведамяць, і ў выніку будаваць пазіцыю абароны будзе нашмат складаней. Пры гэтым трэба дакладна ўсведамляць і тое, што закон у прафесіі адваката вышэй за волю даверніка. Ніякія пажаданні, просьбы або патрабаванні, накіраваныя на незахаванне закона, не могуць быць выкананы. Таму я не малюю людзям паветраных замкаў: маўляў, пакарання ўвогуле ўдасца пазбегнуць. Гэта не робіць гонару нашай прафесіі. Наадварот, любую сустрэчу з будучымі кліентамі заканчваю дакладнай расстаноўкай: у чым змагу дапамагчы, але выключна па законе і ў інтарэсах чалавека. Інакш не ўмею і не практыкую.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з прафесійным святам калег-адвакатаў і калектыў пракуратуры раёна. Наша паўсядзённая дзейнасць – стаяць на варце закона і справядлівасці. Жадаю ўсім нам моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, мудрасці і бліскучых рашэнняў самых складаных прафесійных задач!

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Наталлі ВАСЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *