Мелиорация — дело преданных земле. Работники Докшицкого ПМС отмечают профессиональный праздник

На будоўлі труб-праездаў каля вёскі Куты Крыпульскага сельсавета рупяцца рабочыя зялёнага будаўніцтва Часлаў Яцуковіч, Сяргей Жабкін і Аляксандр Ярыжанец.
Зямля корміць чалавека, але толькі калі пра яе клапоцяцца. У першую нядзелю чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, хто кіруе сіламі прыроды дзеля ўрадлівасці нашых палёў – меліяратары. Напярэдадні святочнай даты мы сустрэліся з намеснікам дырэктара – галоўным інжынерам прадпрыемства меліярацыйных сістэм Мікалаем Карпекам, каб падвесці вынікі работы і даведацца, якія задачы стаяць перад прадпрыемствам сёння.
– Мікалай Уладзіміравіч, з якімі галоўнымі вытворчымі паказчыкамі прадпрыемства падышло да прафесійнага свята?
– Па выніках работы прадэманстраваны ўстойлівы рост выручкі ад рэалізацыі паслуг і тавараў, што дазволіла нам не толькі замацаваць фінансавую стабільнасць, а і павялічыць узровень сярэдняй зарплаты супрацоўнікаў. Так, за 5 месяцаў бягучага года выручка склала 2 240 тысяч рублёў. Працэнт выканання паказчыка да аналагічнага перыяду 2025 года – 105,3. За пяць месяцаў сярэднямесячны заробак склаў 1605,4 рубля. Тэмп росту – 121,4 працэнта, а рэнтабельнасць продажу – 17,5.
Яшчэ адна добрая навіна для нашага калектыву – гэта тое, што мы сталі працаваць у новых, больш камфортных умовах. Сваім работнікам, якія раней пражывалі ў інтэрнаце на вуліцы Чарняхоўскага, прадаставілі іншае жыллё, а самі прыступілі да капітальнага рамонту будынка. На другім паверсе, дзе зараз знаходзіцца адміністрацыя, замянілі вокны і дзверы, падлогу і столь, у новым стылі аформілі сцены, абсталявалі пакой для прыёму ежы з мінімальным наборам тэхнікі – мікрахвалевай печкай, халадзільнікам і тэлевізарам – і рэканструявалі санвузел. Набылі таксама бойлер, каб супрацоўнікі маглі карыстацца гарачай вадой. Засталося толькі заасфальтаваць тэрыторыю, адведзеную пад аўтамабільную стаянку. Летам гэта работа будзе завершана.
– Колькі гектараў зямель удалося вярнуць у сельскагаспадарчы абарот з пачатку года? І якія адметныя аб’екты меліярацыйных сістэм былі рэканструяваны ў апошні час?
– Па культуртэхнічнай меліярацыі летась увялі ў эксплуатацыю 516,2 гектара зямель, а з пачатку гэтага года – 246,8 гектара. У 2025 годзе рэканструявалі такія меліярацыйныя сістэмы, як “Бярэзіна” ААТ “Таргуны” і ААТ “Докшыцкі” на ўчастках Сценка і Малажане, а таксама “Вяршкі” КУСГП “АграСітцы”. Плануем завяршыць рэканструкцыю сістэм “Патачанка – Габка” на ўчастку Плацечна і “Якуба Коласа” ў раёне вёскі Куты.
Акрамя гэтага, прадпрыемствам працягваюцца работы па зносе будынкаў сельскагаспадарчага прызначэння, якія не выкарыстоўваюцца. Летась ліквідавана 13 такіх аб’ектаў.
– Як сёння абнаўляецца машынна-трактарны парк і якая новая тэхніка дапамагае ў рабоце?
– Дзякуючы інвестыцыям набылі грузапасажырскі аўтамабіль, рыхліцель глебы, навясную дыскавую барану, а таксама лясную пагрузачна-транспартную машыну “Беларус” і лесавозны прычэп. З пачатку года было асвоена інвестыцый у асноўны капітал на суму 342 тысячы рублёў. Абнаўленне спецтэхнікі дазваляе павышаць прадукцыйнасць працы і паляпшаць умовы работы нашых механізатараў.
– Якія маштабныя задачы стаяць перад калектывам у рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця меліярацыі?
– Зараз сур’ёзна памяняліся падыходы. Па даручэнні Прэзідэнта акцэнт робіцца на правядзенні тэхнічнай меліярацыі на неасушаных землях. Задача – поўнасцю пазбавіць палі ад дзікай драўнінна-хмызняковай расліннасці і вярнуць ім контурнасць. Зямля не павінна зарастаць альбо пуставаць. На гэтыя мерапрыемствы ўжо выдзелена 10 мільёнаў рублёў.
– Меліяратар – прафесія не з лёгкіх. Хто яны – галоўныя героі прадпрыемства, на якіх усё трымаецца?
– Меліярацыя – гэта праца моцных духам людзей. Наш калектыў – сплаў каласальнага вопыту і маладой энергіі. Галоўныя ж героі ПМС – гэта адданыя сваёй справе механізатары, машыністы экскаватараў і спецыялісты. Дзякуючы іх штодзённай працы неўрадлівыя і забалочаныя землі ператвараюцца ў высокапрадукцыйныя ўгоддзі.
– Якім чынам падтрымліваеце маладых спецыялістаў і развіваеце інстытут настаўніцтва?
– На жаль, іх пакуль толькі два, але спадзяёмся, што рады маладых спецыялістаў павялічацца. Працаваць у нас – гэта выдатная магчымасць мець да асноўнага заробку дадатковую даплату. Тым, хто прыйшоў на прадпрыемства з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, дапамагаем атрымаць вышэйшую з далейшым кар’ерным ростам. Дарэчы, на сённяшні дзень у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі вучацца два нашы работнікі.
Безумоўна, моладзь падтрымліваем, а старэйшае пакаленне дапамагае ім набірацца вопыту і расці прафесійна.
– Ці трымае калектыў сувязь з ветэранамі галіны?
– Зноў жа, іх не так шмат, бо асноўны касцяк – а гэта трэцяя частка ўсяго калектыву – знаходзіцца ва ўзросце шэсцьдзясят плюс, а то і семдзесят плюс і яшчэ дагэтуль працуе. Для нас сувязь з ветэранамі – гэта не фармальнасць, а святы доўг. У пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі пад кіраўніцтвам Наталлі Аніська на пастаянным кантролі патрэбы кожнага заслужанага работніка. Мы дапамагаем вырашаць бытавыя праблемы, калі трэба, выдзяляем тэхніку, падтрымліваем матэрыяльна да свят. Карацей кажучы, робім усё, каб яны адчувалі, што пра іх уклад у меліярацыю раёна памятаюць.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.
