360 детей планируют отдохнуть этим летом в воспитательно-оздоровительном лагере «Березка» в Докшицком районе
У выхаваўча-аздараўленчы лагер «Бярозка» ў Вітунічах засяліліся “Бульбашы”, “Бусляняты”, “Зубры” і “Васількі” – чатыры атрады першай патрыятычнай змены “PROБеларусь». Адкрыццё лагера атрымалася ўрачыстым і вясёлым.
Цырымонія распачалася на вулічнай пляцоўцы. Дзяцей павіншавалі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Кучыц, дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Януковіч, начальнік лагера Людміла Петрашкевіч. Пажадалі ім выдатнага адпачынку, новых сяброў і прыемных уражанняў на ўвесь год. Усяго на першую змену прыехала 79 дзяцей з Докшыцкага і Міёрскага раёнаў.
А ў актавай зале адпачывальнікаў чакала музычна-забаўляльная праграма, дзе яны самі былі і артыстамі, і гледачамі, і актыўнымі ўдзельнікамі гульняў.
Зала ў адзіным парыве звінела галасамі і ўзрывалася бурнымі воплескамі.
Гэтым летам у “Бярозцы” плануюць адпачыць 360 дзяцей. На другую – чацвёртую змены, акрамя мясцовых, прыедуць рабяты з Мінска, Браслаўскага, Міёрскага, Сенненскага і Барысаўскага раёнаў.
Лагер “Бярозка” – структурнае падраздзяленне Цэнтра дзяцей і моладзі. Установа прыкладае шмат намаганняў для яго эфектыўнай дзейнасці.
Штогод добраўпарадкоўваецца тэрыторыя лагера, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база.
Да гэтага сезона за кошт бюджэтных сродкаў заменены ўсе аконныя блокі на першым паверсе будынка, набыта халадзільная ўстаноўка для захоўвання агародніны, а таксама абсталявана памяшканне пад яе, закуплена магутная сушылка для адзення, параканвектамат, шафа для захоўвання хлебабулачных вырабаў, абстаўлена новай мэбляй адна са спальняў і інш.
Праведзены касметычныя рамонты.
Свой уклад у развіццё “Бярозкі” ўнеслі сёлета арганізацыі і прадпрыемствы раёна ў рамках дабрачыннай акцыі “Падорым дзецям незабыўнае лета!”. Напрыклад, раённае аддзяленне Беларускай партыі “Белая Русь” прэзентавала лагеру два гульнявыя комплексы, а з будаўнічымі матэрыяламі для іх устаноўкі дапамаглі ДРБУ-180 і філіял № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. І цяпер на гульнявой пляцоўцы з’явіліся новыя арэлі, горка, альтанкі, зона для вогнішча дружбы.
На лагернай тэрыторыі нядаўна высаджаны кветкі і кусты. Сярод іх касачы, півоні, хосты, ружы, гартэнзіі мяцёлчатыя, вейгелы, пузыраплоднікі, дуброўкі. Лагер ператвараецца ў яшчэ больш маляўнічы куточак.
Дарэчы, побач з дзецьмі-адпачывальнікамі пражываюць дзеці-працаўнікі – прадстаўнікі студэнцкага атрада. Яны займаюцца ўборкай, а ў вольны час з задавальненнем далучаюцца да гульняў і забаў.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.
















