Молодой специалист Докшицкой ЦРБ — врач-хирург Кристина Куратова рассказала об обучении в вузе и дала советы абитуриентам медучреждений
Напярэдадні ўступнай кампаніі пагутарылі з маладым спецыялістам Докшыцкай ЦРБ – урачом-хірургам Крысцінай Куратавай, ураджэнкай Оршы. Дзяўчына расказала пра навучанне ў ВНУ і дала парады абітурыентам медыцынскіх устаноў.
Крысціна закончыла Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт у 2024 годзе, пасля чаго прайшла інтэрнатуру ў абласным цэнтры хуткай медыцынскай дапамогі і гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. У Докшыцы прыехала па размеркаванні ў канцы мінулага года.
– Крысціна Андрэеўна, пад уплывам якіх фактараў выбіралі прафесію?
– Мой тата працаваў вадзіцелем, мама па прафесіі метэаролаг і ўжо больш за два дзясяткі гадоў займае кіруючую пасаду на метэаралагічнай станцыі, таму выбар прафесіі быў хутчэй поклічам сэрца, чым усвядомленым рашэннем, якое магло бы ажыццяўляцца пад уплывам кагосьці.
– З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся падчас навучання? Што было асабліва цікавым?
– Складанасці былі ў колькасці і аб’ёме інфармацыі, якую трэба было штодня засвойваць. На старшых курсах сутыкнулася з неразуменнем з нагоды выбару менавіта хірургіі, бо ў грамадстве, на жаль, існуе меркаванне, асабліва сярод старэйшага пакалення, што хірург-жанчына – гэта і не хірург, і не жанчына. З трэцяга курса пачала падпрацоўваць медсястрой у хірургічным аддзяленні і ў вольны час дзяжурыць з урачамі-хірургамі. Дзяжурыла і з тэрапеўтамі, кардыёлагамі, неўролагамі, гінеколагамі, бо хацелася паглядзець на ўсе спецыяльнасці знутры і пераканацца ў правільнасці свайго выбару на карысць хірургіі, ды і дыферэнцыяльная дыягностыка вельмі важная. Самымі цікавымі былі апошнія два курсы, таму што ўжо быў пэўны багаж ведаў і вопыту — мы ўсё больш упэўнена ставілі дыягназ, прызначалі абследаванне і лячэнне, дзякуючы якому пацыенты выздараўлівалі.
Крысціна – наздвычай дынамічны чалавек і падчас вучобы актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, за што справядліва атрымала падзяку за подпісам рэктара ўстановы. Яна з’яўлялася членам студэнцкага савета, членам клуба “Дэбаты”, атрадаў “Добрае сэрца” і “Санаторый на даму”, выступала ў навукова-практычных канферэнцыях, з’яўлялася старастай групы.
Пастаянна займалася і прафесійным развіццём. Узнагароджана дыпломам Міжнароднага конкурсу медыяпраектаў “Студэнцкая моладзь у сучасным свеце” ў намінацыі “Камунікацыйны праект “Моладзь ВДМУ за сямейныя каштоўнасці!”; сертыфікатам і дыпломамі навукова-практычных канферэнцый студэнтаў і маладых навукоўцаў. Наведвала анлайн-канферэнцыі, прысвечаныя хірургіі сэрца, сасудаў канечнасцей, падстраўнікавай залозы, страўніка. Наведала ў Санкт-Пецярбургу навукова-практычную канферэнцыю “Джанелідзеўскія чытанні – 2025”.
За час праходжання інтэрнатуры азнаёмілася з тактыкай вядзення хірургічных пацыентаў, метадамі аператыўнага лячэння з выкарыстаннем сучасных, традыцыйных, лапараскапічных методык; курыравала пацыентаў хірургічнага, уралагічнага, практалагічнага і траўматалагічнага профілю; удзельнічала ў розных аператыўных умяшаннях у якасці аператара і асістэнта; працавала ў вячэрнія і начныя змены ў якасці памочніка дзяжурнага ўрача-хірурга.
У Докшыцах у Крысціны асноўнае месца работы – у паліклініцы, але дадаткова два тыдні ў месяц пасля прыёму працуе на ўчастку аказання кругласутачнай экстраннай дапамогі.
Наогул графік работы насычаны, нагрузка вялікая. Калі-нікалі, шчыра прызнаецца малады ўрач, здаецца, што, нягледзячы на моцную і нязменную любоў да хірургіі, у будучым лепш пайсці ў больш вузкую спецыяльнасць, каб хапала часу на сябе і сям’ю.
Тым не менш яна з лёгкасцю знаходзіць агульную мову з докшыцкімі пацыентамі, ад усёй душы імкнецца дапамагчы і суцешыць.
Маладому спецыялісту адразу па прыездзе выдзелілі пакой у інтэрнаце, а пазней арэндную кватэру. Яна паціху прывыкае да маленькіх немітуслівых Докшыц.
Дзяўчына – творчы чалавек, любіць пісаць карціны, чытаць, фатаграфаваць, спяваць, іграць на фартэпіяна (скончыла дзве дзіцячыя школы мастацтваў па класе фартэпіяна і па класе вакалу) і вельмі перажывае, што цяпер часу на любімыя заняткі катастрафічна не хапае. Але ўсё ж у некалькіх гучных докшыцкіх мерапрыемствах паўдзельнічала. Адно з іх – гарадскі баль.
– Пажадаю выпускнікам, якія нацэліліся на паступленне ў медыцынскі ўніверсітэт ці каледж, не страчваць запалу, – кажа Крысціна. – Калі яны вырашылі і разумеюць, што сапраўды хочуць займацца такім высакародным і складаным рамяством, то толькі наперад, аднак трэба быць гатовым да многіх цяжкасцей і не забываць пра каласальную адказнасць.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з архіва ЦРБ.

