Вернуть школе былое имя, асфальтирование дороги… Депутат Палаты представителей Анатолий Сивко провел приём граждан в Докшицах

photo_2025-04-18_10-21-48

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко правёў асабісты прыём грамадзян у Докшыцах. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала.

Жыхар райцэнтра прыйшоў на прыём да дэпутата з просьбай заасфальтаваць дарогу, якая знаходзіцца на балансе ДРБУ-180, ад трасы Докшыцы – Бягомль да населенага пункта Козікі.

– Вёска жыве, асабліва летам. Чаму б не зрабіць да яе камфортны пад’езд, працягласць якога крыху больш за кіламетр? – разважаў грамадзянін. – У нашай краіне, у тым ліку ў раёне, робіцца многае для паляпшэння якасці дарог, – адзначыў Анатолій Сіўко. – Так, новы асфальт з’явіўся ў кірунках да вёсак Рашкаўка, Вольберавічы, Гліннае. Сёлета запланавана пакласці яго на сямі вуліцах у аграгарадку Параф’янава.

– Нельга сказаць, што пад’езд да вёскі Козікі знаходзіцца ў дрэнным стане. У раёне ёсць дарогі, якім у першую чаргу патрабуецца рамонт, – далучыўся да размовы старшыня райвыканкама Сяргей Абірала. – Разам з тым будзем планаваць і, магчыма, пры наяўнасці фінансавання ўключым гэты населены пункт у праграму на наступны год.

Другое пытанне, якое паступіла падчас прыёму ад дырэктара СШ № 1 г. Докшыцы Івана Шкелкі, патрабуе больш працяглага разгляду.

– З 1964 года наша ўстанова насіла ганаровае імя Героя Савецкага Саюза Івана Сцяпанавіча Палявога, – нагадаў Іван Аляксандравіч. – У 90-я яно было страчана. Па якіх прычынах гэта адбылося, дакладна невядома. Вельмі хочацца аднавіць імя. Толькі зрабіць гэта, як аказалася, не так проста. Звярталіся ў розныя інстанцыі. Пакуль безвынікова.

Анатолій Сіўко ўважліва выслухаў заяўніка, рэзюмаваў, што цалкам згодны з тым, каб школа зноў займела імя Палявога.

– У Докшыцах імя Героя носіць плошча, у першай школе функцыянуе музей, названы яго імем. Таму пытанне будзем дасканала вывучаць і возьмем яго на кантроль.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

photo_2025-04-24_09-54-46 photo_2025-04-24_09-54-51

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *