Быть активным — значит быть в тренде, считает учитель Барсуковской БШ Дарья Васильева

Днямі ў рады піянераў Дар’я Васільева прыняла чацвёртакласнікаў, класным кіраўніком якіх стане ў наступным навучальным годзе.

Днямі ў рады піянераў Дар’я Васільева прыняла чацвёртакласнікаў, класным кіраўніком якіх стане ў наступным навучальным годзе.

Нават не ўяўляла, што столькі цёплых слоў пачую пра Докшыцы падчас знаёмства з актывісткай, намеснікам старшыні Моладзевай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў Дар’яй Васільевай, якая тры гады таму прыехала ў наш раён на сваё першае працоўнае месца з Бешанковіч. Даша – настаўніца хіміі і біялогіі Барсукоўскай БШ. Скончыла біялагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, куды паступала па мэтавым накіраванні. На пытанне, чаму накіраванне брала з Докшыц, адразу ўпэўнена адказвае, што вельмі рада такому збегу акалічнасцей.

– Шчыра кажучы, у выпускным класе не ведала, куды буду паступаць, – успамінае дзяўчына. – Сям’я наша – усе медыкі, таму было вырашана і мне паспрабаваць гэты кірунак. Толькі ў апошні момант усё перайначылася, з’явілася накіраванне, ад якога нехта адмовіўся. Так і стала вучыцца на настаўніцу. Цяпер думаю, што лёс вёў мяне ў гэты сімпатычны гарадок на Беразіне, дзе знайшла столькі сапраўдных сяброў, дзе рэалізоўваю сябе і свае мары.

“Баявое хрышчэнне” ў ролі настаўніцы Дар’я прыняла ў аздараўленчым лагеры “Бярозка”. Прызнаецца, што спачатку было надта складана. Але летась ужо ехала на работу важатай з радасцю. Потым год адпрацавала настаўніцай хіміі і біялогіі ў Парплішчанскай СШ, адначасова вяла ўрокі ў СШ № 2 г. Докшыцы. У мінулым годзе настаўнічала ў дзвюх гарадскіх школах і Барсукоўскай БШ. Сёлета шэраг прадметаў выкладала толькі ў Барсуках. Акрамя гэтага, з’яўляецца лідарам у піянераў і бэрэсэмаўцаў.

– Актыўнай была са школы, – гаворыць Даша. – Захаплялася харэаграфіяй – вучылася ў школе мастацтваў. У старэйшых класах была ў саставе Моладзевай палаты пры Бешанковіцкім раённым Савеце дэпутатаў. У студэнцкія гады атрымала пасведчанне міжнароднага сертыфікаванага валанцёра. Разам з іншымі юнакамі і дзяўчатамі вучылася свабодна размаўляць на англійскай мове, дапамагаць людзям з інваліднасцю, правільна дзейнічаць у экстранных сітуацыях. Першае мерапрыемства, на якім працавала валанцёрам, – II Еўрапейскія гульні – 2019 у Мінску. Потым быў самы вялікі жаночы форум СНД, музычныя фестывалі. Цяпер з задавальненнем удзельнічаю ва ўсіх мерапрыемствах, якія прапаноўвае ГА “БРСМ”. Напрыклад, разам з сябрамі штогод прадстаўляем каманду Докшыцкага раёна ў моладзевым беларуска-расійскім адукацыйна-патрыятычным лагеры “Курган”, на абласным моладзевым форуме “ОСА”. А колькі цікавых мерапрыемстваў ладзіцца ў Докшыцкім раёне! Калі быць актыўным, то сумаваць не прыйдзецца! Для мяне ўдзел у злётах, форумах – гэта магчымасць рэалізаваць сябе і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Напрыклад, падчас конкурсу “Міс Докшыцы – 2023” знайшла шмат сяброў. Спадзяюся, што і мае вучні пераймаюць ад мяне пазітыў і энергію.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *