Что составляет туристический потенциал Докшицкого района?
Как сообщали «РВ» в конце прошлой недели, Президент Беларуси Александр Лукашенко побывал в соседнем Лепельском районе и поручил по-хозяйски развивать территории заповедников, а также ознакомился с благоустройством центральной усадьбы Березинского биосферного заповедника – деревни Домжерицы, которую развивают в концепции «деревня будущего».
“У запаведніку павінны жыць людзі, такімі астраўкамі. Размова ідзе аб тым, каб там, дзе людзі жывуць, накшталт Домжарыц, ствараць гэтыя астраўкі”, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб, акрамя правядзення прыродаахоўных мерапрыемстваў, у такіх месцах па-гаспадарску займаліся і лясной, і сельскай гаспадаркай. Каб трымаць тэрыторыі ў парадку.
У Беларусі ёсць усё для таго, каб нармальна жыць, але трэба варушыцца. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час вельмі рэзананснай размовы, якая разляцелася ў СМІ на цытаты, з жыхарамі вёскі Домжарыцы.
На прыкладзе Домжарыц Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пры наяўнасці добрых умоў для жыцця і работы моладзь не імкнецца выязджаць у вялікія гарады.
Аляксандру Лукашэнку расказалі, што паветра ў Бярэзінскім біясферным запаведніку ў 300 разоў чысцейшае, чым у Мінску.
“Людзі нашы яшчэ не ацанілі і не зразумелі, дзе яны жывуць. Святое месца, – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. – У маладосці асабліва, ды і многія цяпер гэта не цэняць. Пакуль не захварэюць. А здароўе ваша – тут. Дзе жывеш, там трэба і працаваць, дыхаць тым паветрам, піць ваду і ўжываць прадукты харчавання – усё сваё. Гэта здароўе. А здароўе не купіш. Гэта найважнейшы рэсурс для чалавека”.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яго здзівіла многае з убачанага ў Домжарыцах, хоць здзівіць яго няпроста — усё ж такі ўжо шмат гадоў на пасадзе Кіраўніка дзяржавы і вопыт каласальны. “Гэта мяне здзівіла – што вы ў цэнтры гэтага вялізнага масіву. Я падлятаў сюды на верталёце, вакол лес, лес і тут такая жамчужына!” – падзяліўся ўражаннямі Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што такога плана цэнтры санаторна-курортных паслуг і вытворчасці трэба пабудаваць, а недзе – захаваць, і на гэта будуць накіроўвацца неабходныя бюджэтныя сродкі. “Мы павінны гэта тыражаваць па ўсёй краіне”, – арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.
Багаты турыстычны патэнцыял і ў Докшыцкага раёна. Пра гэта падрабязнней у матэрыялах карэспандэнтаў “РВ”.
Докшыччына гасцінная
Адна з асаблівасцей Докшыцкага раёна – гэта еўрапейскі водападзел, які размяжоўвае басейны рэк Балтыйскага і Чорнага мораў. Менавіта ў нашым раёне бяруць пачатак рэкі Бярэзіна, якая імкнецца на поўдзень і ўпадае ў Днепр, і Вілія, прыток Нёмана, – воды яе імкнуцца ў халодную Балтыку. На Докшыччыне налічваецца больш за дзесяць натуральных азёр. Значную частку тэрыторыі раёна займае Бярэзінскі біясферны запаведнік. Функцыянуюць два сучасныя камфартабельныя санаторыі, дзейнічае сем аграэкасядзіб. Больш за трыццаць помнікаў Докшыччыны ўключаны ў Рэспубліканскі рэестр гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Як развіваецца і якія перспектывы мае турыстычная галіна ў раёне? З такім пытаннем звярнуліся да загадчыка сектара спорту і турызму Віктара Гаўрыловіча.
– Па выніках першага паўгоддзя гэтага года экспарт турыстычных паслуг склаў 1983,41 тысячы долараў ЗША з тэмпам росту паказчыкаў 134,9 працэнта да аналагічнага перыяду 2024 года, – гаворыць Віктар Васільевіч. – Сярод асноўных экспартаўтваральных прадпрыемстваў – санаторыі “Баравое” і “Лясное”, міжраённая арганізацыйная структура “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. З 2022 года на тэрыторыі раёна рэалізуецца пілотны праект “Васільковы край”. У яго межах на развіццё турызму летась было зрасходавана 15 тысяч рублёў, яшчэ столькі ж выдаткавана на маркетынгавыя мэты.
– Віктар Васільевіч, якія віды турызму развіваюцца ў раёне?
– Усе трынаццаць. Лячэбна-аздараўленчы прадстаўлены санаторыямі “Баравое” і “Лясное”. Дарэчы, у мэтах нарошчвання аб’ёмаў экспарту турыстычных паслуг у нашых здраўніцах запланавана павелічэнне нумарнога фонду. Візітнай карткай санаторыя “Баравое” з’яўляюцца крыніцы мінеральнай вады, якія выкарыстоўваюцца як для пітнога лячэння, так і для бальнеатэрапіі. Свая крыніца мінеральнай вады маецца і ў санаторыі “Лясное”. Зараз асаблівую папулярнасць набірае прамысловы турызм, які на тэрыторыі нашага раёна арганізоўваецца ў асноўным для груп школьнікаў. У межах прафарыентацыйнай работы яны звычайна наведваюць завод “Ветразь”, хлебазавод, Бягомльскі лясгас, торфапрадпрыемства, завод па вытворчасці мінеральнай і пітной вады “Баравая”. Рэлігійны турызм прадстаўлены экскурсіяй “Докшыцкі вянок”. У планах – атэстацыя яшчэ аднаго маршрута “Жыватворны шлях”. У нашым раёне гастранамічны турызм неразрыўна звязаны з падзейным, бо на кожным брэндавым свяце сельсаветаў ці раённых фестывалях гасцей абавязкова здзівяць кулінарнымі адметнасцямі беларускай кухні. Самы запатрабаваны гастранамічны маршрут вядзе ў этнаграфічную сядзібу “Вецяра”, дзе і смачна пачастуюць, і пазнаёмяць з народнымі традыцыямі і рамёствамі краю. Трывала прапісаліся на Докшыччыне фэст траў “Пра зёлкі” і Рэспубліканскі фестываль сяброўства і мастацтва “Дзве ракі”.
Багаты жывёльны свет докшыцкіх лясоў дазваляе развівацца паляўнічаму віду турызму. Акрамя таго, міжраённая арганізацыйная структура “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” і Бягомльскі лясгас распрацоўваюць экалагічныя туры. Помнікам прыроды раённага значэння з’яўляецца дэндралагічны парк Парплішчанскай СШ, экскурсіі там праводзяць самі школьнікі.
Для фарміравання інфраструктуры актыўнага адпачынку, папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў раёне функцыянуюць 83 фізкультурна-спартыўныя аб’екты. У мінулым годзе было праведзена 74 спартыўна-масавыя і турыстычныя мерапрыемствы, удзельнікамі якіх сталі 4478 чалавек. Аматары здаровага ладу жыцця карыстаюцца распрацаванымі ФСК “Ураджай” маршрутамі актыўнага турызму, па якіх можна прайсціся пешшу, або пракаціцца на веласіпедзе, ці паўдзельнічаць у сплаве на байдарках. У Докшыччыны багатая гісторыка-культурная спадчына. Чатыры элементы ў раёне маюць статус нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта традыцыя размаляваных дываноў (маляванак) Віцебскага паазер’я, традыцыйныя стравы Віцебскай вобласці “клёцкі з “душамі” і з цёртай бульбы, беларускія практыкі саломапляцення. Гонар раёна – Бягомльскі музей народнай славы і мемарыяльны комплекс “Шунеўка”, якія з пачатку года наведала 7356 чалавек. Развіваюцца дзелавы і адукацыйны турызм.
– Адным з прыярытэтных кірункаў у развіцці турыстычнага патэнцыялу рэгіёнаў лічыцца аграэкатурызм. Як прадстаўлена ў гэтым відзе турызму Докшыччына?
– Сапраўды, сельскі турызм, а так яшчэ называюць аграэкатурызм, стаў асабліва запатрабаваны падчас пандэміі. Адпачынак у экалагічна чыстых мясцінах, удалечыні ад вірлівага гарадскога жыцця, далучэнне да нацыянальнай культуры, традыцый – гэта і многае іншае прапаноўваюць турыстам аграэкасядзібы “Чарнічка”, “Сэрвач”, “У дзядзі Віці”, “У Таптыгіна”, “Драздова”. Яшчэ дзве адкрыліся ў гэтым годзе – “Віла Шантарам” і “Дзянскевіча”.
– Жыхароў горада і яго гасцей безумоўна парадавала абуладкаванне ў гарадской лесапаркавай зоне “Сцежкі здароўя”, якая з’явілася на месцы былога аўтадрома ва ўрочышчы “Чыстаполле” дзякуючы праекту грамадзянскіх ініцыятыў “Па дарозе да здароўя”. Ці плануюцца яшчэ навінкі?
– Так, у раёне распрацаваны гуманітарныя праекты “Інклюзіўная спартыўная пляцоўка “Здароўе ў руху” і “О, спорт! Ты – свет!” Першы накіраваны на стварэнне пляцоўкі для правядзення спартыўных мерапрыемстваў па адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі на свежым паветры. Другі – на мадэрнізацыю спартыўнай пляцоўкі каля Докшыцкай ДЮСШ.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.
Андрэй Назараў,
дырэктар санаторыя “Баравое” Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
– Будаўніцтва новага аздараўленчага комплексу на тэрыторыі санаторыя паспрыяе павышэнню прывабнасці турыстычнага патэнцыялу Докшыцкага раёна. Нагадаю, што ўстанова пашырыцца пяціпавярховым жылым корпусам на 135 месцаў, двухпавярховай водалячэбніцай, будынкам абедзеннай залы і дадатковай кацельняй.
На дадзены час закончана праектаванне першай чаргі будаўніцтва, і ўжо пачаліся работы. Поўнасцю падрыхтавана пляцоўка пад новыя будынкі, вядзецца пракладка наружных сетак, абуладкаванне ачышчальных збудаванняў, манціруюцца падмуркі сталовай, кацельні і трансфарматарнай падстанцыі.
У цэлым санаторый зможа прымаць 352 чалавекі. Усе яны – патэнцыяльныя турысты Докшыччыны і будуць станоўча ўплываць на развіццё раёна.
Наталля Еўстратчык, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы санаторыя “Лясное” :
– Сёлета ў нашай здраўніцы пашыраны пералік медыцынскіх працэдур: у кабінеце мануальнай тэрапіі праводзяць тэйпіраванне, для рэлаксу адпачываючых адкрыты спа-масаж, а таксама пакой псіхалагічнай разгрузкі. Набыты апарат карбоксітэрапіі, масажная кушэтка, масажнае крэсла, медыцынская ванна, апарат пнеўмакампрэсійнай тэрапіі, фізіятэрапеўтычныя апараты “Радыус” і “Радыус-магніт”, кедравая бочка, інфрачырвоная саўна, апарат УГД, касметалагічны неадымавы лазер, апарат “Плазмапен” і іншае.
Ложкавая магутнасць санаторыя складае 193 ложка-месцы, у тым ліку шэсць месцаў сезоннага размяшчэння з мая па верасень уключна ў “Доме лесніка” і “Доме рыбака”. За 9 месяцаў 2025 года запаўняльнасць склала 98,7 працэнта, што больш за запланаванае.

