Лучший работник торговли Докшицкого района Марина Антошенко руководит двумя магазинами

IMG_3596 с

У “Еўраопце”, што ў цэнтры Докшыц, пануе святочная атмасфера. Напярэдадні 8 Сакавіка крама па традыцыі прапаноўвае сваім пакупнікам падарункавыя наборы і кветкі.

– Нашы цюльпаны прыцягваюць прыгажосцю і параўнальна невысокай цаной, таму добра разбіраюцца, – тлумачыць дырэктар магазіна Марына Анташэнка. – Аматары пакаёвых кветак могуць набыць рознакаляровыя каланхоэ ў вазонах. Заўважыла, што дакшычане не скупяцца на падарункі для сваіх блізкіх, і гэта вельмі радуе.

Марына Эдуардаўна па сумяшчальніцтве кіруе і докшыцкай крамай “Хіт! Экспрэс”. А ўсяго за плячыма восем гадоў дырэктарскага стажу. Да гэтага працавала ў спажывецкай кааперацыі, сетцы “Еўрагандлю” прадаўцом, кантралёрам-касірам, прыёмшчыкам тавараў і дзякуючы сваёй працавітасці, руплівасці ўзнялася па службовай лесвіцы. Магазіны пад яе пільным наглядам вылучаюцца парадкам, багатым асартыментам і прыгожай выкладкай.

– Для мяне магазін як дом, – кажа Марына. – І пачынаецца ён з прывабнага уваходу, чыстага дыванка пад нагамі. Наогул, жаданне пакупніка зайсці сюды ў наступны раз залежыць ад тысячы дробязей, за якія адказвае наш калектыў.

У падпарадкаванні дырэктара дзвюх крам больш за дваццаць чалавек. Акрамя продажу тавару на месцы, “Еўраопт” адпраўляе на маршрут у Вілейскі раён аўталаўку, а яшчэ займаецца выдачай бясплатнага дзіцячага харчавання. Клопатаў у работнікаў шмат.

Дырэктар кантралюе тэрміны прыдатнасці прадуктаў, афармленне вітрын і стэлажоў, выстаўленне цэннікаў, правядзенне акцый, заказвае тавары, вядзе табелі рабочага часу.

– Дзень пралятае як адно імгненне, – заўважае яна. – У нас склаўся добры калектыў, сапраўдная сям’я, у якой цалкам давяраем адзін аднаму.

А ва ўласнай сям’і Марыны муж Міхаіл, сын Данііл і дачка Аліна. Муж з’яўляецца першым памочнікам у хатніх справах, а дзеці для іх – гонар, любоў і стымул дасягаць новых вяршынь.

Данііл закончыў СШ № 2 г. Докшыцы з залатым медалём і зараз студэнт трэцяга курса прэстыжнага БДУІР. Аліна – адзінаццацікласніца той жа школы і мае выдатныя дасягненні па англійскай мове.

Родам Марына Эдуардаўна з Барсукоў, у школьныя гады надзвычай любіла матэматыку і фізіку, а вось звязаць сваё прафесійнае жыццё з гэтымі прадметамі не хапіла рашучасці. Затое лічбы так і засталіся ў аснове яе работы, і яна ў іх як рыба ў вадзе. Захаплялася вышыўкай балгарскім крыжыкам, і яе па-майстэрску вышытая карціна, на якой букет кветак, да гэтай пары ўпрыгожвае сцяну роднай школы.

Цяпер Марына Анташэнка адказвае не толькі за асабістую дзейнасць, што яшчэ больш дысцыплінуе, вымушае з большым напорам дабівацца пастаўленых мэт. І ёй гэта ўдаецца. Па выніках работы мінулага года імя Марыны Эдуардаўны будзе занесена на раённую Дошку гонару.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *