С 70-летним юбилеем принимал поздравления заведующий зерновыми токами агрономической службы ОАО «Торгуны» Демьян Воронкович

IMG_2881 с

Сямідзесяцігоддзе адзначыў днямі загадчык збожжавых такоў агранамічнай службы ААТ “Таргуны” Дзям’ян Варанковіч.

Ушанаваць юбіляра, які ўсё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы і прадаўжае свой працоўны шлях, прыехала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. Кіраўнік дэпутацкага корпуса вельмі цёпла павіншавала юбіляра і ўручыла Грамату раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Да віншаванняў Валянціны Юр’еўны далучыўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Васюковіч. Ён уручыў віноўніку ўрачыстасці Падзяку і пажадаў трымацца “ў страі” яшчэ як мінімум дзесяць гадоў.

Па прафесіі Дзям’ян Мікалаевіч аграном, і ў ліку яго дасягненняў як спецыяліста ўраджаі па 40-50 цэнтнераў з гектара, а на асобных участках і па 70 намалочвалі.

– Ураджай не атрымліваюць, а вырошчваюць – гэты выраз запомніўся і стаў маім жыццёвым крэда, – гаворыць юбіляр. – У агранамічнай справе столькі тонкасцей, столькі магчымасцей для эксперыментаў, што нельга не зацікавіцца працэсам ператварэння маленькага зярнятка ў буйны, важкі колас. Ды і радасць ад сузірання гор залацістага збожжа на зернесушылцы ні з чым не параўнальная. А пад словам “ураджай” разумею больш шырокае паняцце – вынікі тваёй дзейнасці, кім бы ні быў.

За пяць з паловай дзесяцігоддзяў у сельскай гаспадарцы Дзям’яну Мікалаевічу давялося працаваць на розных пасадах, пачынаючы ад брыгадзіра ў родным сельгаспрадпрыемстве. А было яшчэ і старшынёўства ў калгасе “Прагрэс”, і работа намеснікам начальніка па раслінаводстве ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, а затым і начальнікам. Кіраваў таксама раённай насеннай інспекцыяй, быў старшынёй Тумілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў. Колькасць узнагарод за прафесіяналізм і тыя самыя высокія вынікі вылічваецца дзясяткамі, самая высокая – Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі ў 2007 годзе.

Асновай поспеху спецыяліста Дзям’ян Варанковіч лічыць кампетэнтнасць, памножаную на працавітасць і адказнасць, кіраўніка – павагу да людзей, добрае іх веданне для правільнай расстаноўкі кадраў. Сілы ж чэрпае ў любімай сям’і, якой па праве можа ганарыцца.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *