Столетний юбилей отметила жительница г.п. Бегомль Анна Лещинская

ЕН 1778 с

Цэлы жыццёвы век адзначыла 24 красавіка жыхарка г.п. Бягомль.

Акуратны дамок на вуліцы Чэрныша ў гарпасёлку ледзьве здолеў умясціць гасцей, якія наведаліся ў гэты дзень да Ганны Вікенцьеўны, каб павіншаваць яе з такой значнай жыццёвай датай, уручыць кветкі і падарункі, а таксама шматлікіх родных і блізкіх. Юбілярка была расчулена надзвычай цёплымі словамі ў свой адрас ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч, дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыя Калягі, старшыні Бярозкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяны Славікоўскай, прадстаўнікоў Бягомльскага лясгаса, дзе адпрацавала большую частку свайго жыцця. Яшчэ адзін яркі момант свята – уручэнне Ганне Вікенцьеўне новага пашпарта. З гэтай прыемнай місіяй да юбіляркі наведаўся намеснік начальніка Докшыцкага РАУС падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Купрэвіч, які пажадаў ёй такога моцнага здароўя, якое дало б магчымасць памяняць праз дваццаць пяць гадоў і гэты дакумент.

Нарадзілася Ганна Ляшчынская, у дзявоцтве Кірык, у вёсцы Жардзяжжа зараз Лагойскага, а ў далёкім 1926-м Плешчаніцкага раёна ў шматдзетнай сям’і, гадавалася разам з пяццю братамі і дзвюма сёстрамі. Як сама кажа, больш чым сціплае ў плане матэрыяльных даброт, але шчаслівае дзяцінства і юнацтва перакрэсліла вайна.

ЕН 1772 с

Шмат захавалася ў памяці Ганны Вікенцьеўны з тых страшных гадоў, і ад успамінаў у яе праз дзесяцігоддзі нагортваюцца слёзы. Яна пабывала пад фашысцкім абстрэлам, падчас якога загінуў адзін з яе братоў. Яна памятае твары акупантаў, жорсткія, халодныя вочы, інтанацыі незразумелай мовы, страх – за родных і аднавяскоўцаў, боль і адчай страт. Яна, як ніхто, ведае цану мірнага неба над галавой. Магчыма, таму пакаленне “дзяцей вайны” аказалася такім моцным – і духоўна, і фізічна. Мяркуйце самі. Пасля вайны Ганна з сяброўкамі валіла лес з дапамогай звычайнай ручной пілы. Некалькі месяцаў гнала з такімі ж маладымі жанчынамі пехам, босая, надгаладзь, статак кароў з Германіі – пагалоўе для калгасаў, што актыўна ствараліся ў раёне. У лясгасе, якому за ўсе працоўныя гады, “здрадзіла” толькі аднойчы, паспрабаваўшы сябе ў якасці грыбавара на Глыбоцкім кансервавым заводзе, давялося яшчэ шмат папрацаваць на нарыхтоўцы хвоі, на праполцы саджанцаў у пітомніку, а таксама кухарам. Ганна Вікенцьеўна з мужам Паўлам Уладзіміравічам вырасціла шасцёра дзяцей – чатырох дачушак і двух сыноў, багатая зараз на шасцярых унукаў і 11 праўнукаў. Пра кожнага з радасцю, гонарам, бляскам у вачах расказвае – векавы ўзрост, як падалося, ані трохі не адбіўся на яе памяці. А яшчэ гераіня наша надзелена пачуццём гумару і самаіроніяй. Разважае: “Я. мусіць, таму дажыла да сотні гадоў, што большую частку свайго жыцця недаядала, недасыпала і шмат працавала”. А пасля ўручэння пашпарта: “Ну вось, пашпарт новы, грошы на яго выраб пайшлі – цяпер няма як старэць: трэба жыць, каб сяк-так тыя выдаткі акупіліся”.

Яркіх фарбаў у гэты цудоўны сонечны дзень у жыццё Ганны Вікенцьеўны дадалі народны вакальны ансамбль “Сакавіца” Бягомльскай ДШМ і работнікі аўтаклуба Анастасія Чурко і Надзея Чучман. Дарэчы, віноўніца ўрачыстасці ні на хвілінку не прысела, увесь час падтанцоўвала пад песні і найгрышы ў выкананні артыстаў, а затым папрасіла сыграць вальс, які пад дружныя апладысменты ўсіх прысутных, пад шчаслівыя слёзы дачок і ўнучак станцавала з малодшым братам, 88-гадовым Уладзімірам. Брава, Ганна Вікенцьеўна, і многія-многія лета!

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *