Данута Ченторицкая из Докшиц ребенком видела, как в 1944 году узников вели на расстрел в Ходоровку

IMG_7820 с

Данута Чантарыцкая з праўнучкай Машай.

З дакшычанкай Данутай Чантарыцкай мы сустрэліся па ініцыятыве яе ўнучкі. “Мая бабуля – дзіця вайны і на свае вочы бачыла, як у чэрвені 1944-га гналі людзей на расстрэл у Ходараўку, – паведаміла Кацярына. – Успамінаў хапіла на ўсё жыццё, таму хочацца, каб яна падзялілася ўражаннямі і з чытачамі вашай газеты. Між тым родныя чулі яе эмацыянальны аповед сотні разоў…”

Данута Аляксандраўна – чалавек дынамічны, з чэпкім розумам і выразнай мовай. Жыве ва ўласным доме, куды пераехала з сям’ёй у 1970-х гадах з Новай Вёскі. Панічны страх у сувязі з Ходараўскай трагедыяй перажыла на малой радзіме.

На той момант Дануце было ўсяго гадоў шэсць (дакладна сказаць немагчыма, бо гады ў метрыках “паблыталіся”), але падзеі востра ўрэзаліся ў дзіцячую памяць.

– Мы жылі на хутары – мама, тата і чацвёра дзяцей, – расказвае Данута Аляксандраўна. – З нашага двара добра праглядвалася Ходараўка, куды ў той страшны дзень па бальшаку рухалася доўгая калона. Бацька са старэйшымі дзецьмі адбеглі ад дома і схаваліся, а мы з мамай засталіся на сядзібе. Далёка па наваколлі несліся крыкі, плач, галашэнне бедных людцаў, на іх скакалі і брахалі нацкаваныя аўчаркі, размахвалі прыкладамі фашысты. Немагчыма перадаць, які гэта быў жах! Я плакала наўзрыд, мама захінала мяне і супакойвала як магла. А затым у Ходараўцы пачалі дугаць аўтаматы. Як стала вядома пазней, усіх вязняў знішчылі. Назаўтра раніцай мы з мамай і іншымі жыхарамі хадзілі на месца пакарання тых няшчасных. Зямля над ямамі варушылася, таму што многіх карнікі закапалі жывымі.

Данута Аляксандраўна адзначае, што па першым часе людзі нават успамінаць баяліся пра гэту бойню, бо зверствы нацыстаў не паддаваліся ніякаму разуменню. Але пазней дзяліліся пачутым і ўбачаным. Напрыклад, мясцовая дзяўчына Антаніна Дземідовіч, якая пазней жыла на адной вуліцы з Данутай Чантарыцкай у Докшыцах, таксама бачыла расправу над бязвіннымі людзьмі, што ў выніку моцна паўплывала на яе здароўе. Ачуняць ад траўмы яна так і не змагла да канца жыцця… Назіралі здалёк за забойствам і іншыя вяскоўцы. Ахвяр ірвалі сабакі, білі кулі, карнікі пхалі іх у магілы.

– Не дай бог бачыць такое яшчэ камусьці, – з сілай у голасе гаворыць Данута Аляксандраўна. – У мяне тая калона дагэтуль перад вачыма…

…На некаторы час немцы арганізавалі пастой на сядзібе сям’і Дануты.

– Мы часта хаваліся ад іх, – узгадвае жанчына. – Кароўку і цялушку адпусцілі на самапас, і жывёла ўратавалася. А вось з дзясятак авечак немцы сагналі сабе. Забралі і белую кабылку, але праз тыдзень яна вярнулася дадому.

Цяжкім было і пасляваеннае жыццё, распавядае гераіня. Добра памятае, як збіралі на полі мерзлую бульбу і пяклі з яе бліны. Пазней, калі Данута засталася ў бацькоўскай хаце за гаспадыню, яна зноў гатавала такія аладкі – у памяць пра матулю. Мамы не стала ў 1952 годзе: яна не магла перажыць страты 18-гадовага сына, плачучы па ім дзень і ноч. Дануце прыйшлося не па гадах стаць дарослай.

Бацька працаваў, дзяўчынка кожную раніцу вяла свайго коніка на калгасную ферму і вечарам забірала яго, а астатні час рупілася на ўласнай гаспадарцы. Абрабляла шмат зямлі, абжылася жывёлай, птаствам. Паліла печ, гатавала есці, за кіламетр хадзіла па ваду. Тады і далей па жыцці кіравалася маміным наказам: “Будзеш рабіць – будзеш мець”.

Замуж выйшла за суседа, нарадзілі двух сыноў. Пасля пераезду ў Докшыцы працавала ў розных арганізацыях і гэтаксама, як і ў вёсцы, трымала дамашнюю гаспадарку.

Бяда накрыла раптоўна. Малодшы 22-гадовы сын Чантарыцкіх разбіўся на машыне, пра якую доўга марыў. Данута Аляксандраўна не знаходзіла сабе месца ад болю і роспачы. Аднак, памятаючы, як згасла яе матуля пад такім жа цяжарам няшчасця, жанчына ўбачыла сваё выратаванне ў самаахвярным выхаванні ўнучкі Каці – дачушкі загінулага сына. Стала для яе сапраўднай другой мамай. Цяпер Кацярына сама ўжо маці, і яе дзеці – частыя госці ва ўтульным доме бабулі Дануты. Усяго ў Дануты Аляксандраўны трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў, і ўсе жывуць у Докшыцах.

– Радуюся іх увазе, іх поспехам, – мовіць яна. – А калі бываю на малой радзіме, пранікаюся ўспамінамі пра цяжкія часы. І, паверце, ніколі не мінаю Ходараўку. Узведзены мемарыял як напамін пра бесчалавечнасць акупантаў. Жадаю ўсім нам міру. Не разумею тых, хто сее нянавісць і зло на зямлі. Хочацца, каб усе людзі свету жылі ў згодзе.

У гады Вялікай Айчыннай вайны, восенню 1943-га, пасля выхаду Італіі з гітлераўскай кааліцыі фашысты абяззброілі ўчарашніх саюзнікаў, якія абслугоўвалі аэрадром каля в. Сітцы, і кінулі іх у канцлагер “Лібараўшчына” каля в. Параф’янава. Перад адступленнем карнікі ліквідавалі лагер. 27 – 28 чэрвеня 1944 года каля фальварка Ходараўка былі расстраляны яго вязні – 200 ваеннапалонных італьянцаў  і 600 мірных жыхароў. У 1992 годзе на месцы расстрэлу быў узведзены мемарыяльны комплекс.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *