Итоги весенне-полевых работ подвели в Докшицком районе

З узнагародай Паўла Рудзько віншуюць Васіль Васюковіч і старшыня прафпярвічкі ААТ “Таргуны” Алена Кукуля.
Днямі сталі вядомы пераможцы раённага спаборніцтва, якое было арганізавана падчас правядзення вясенне-палявых работ. Каб адзначыць дастойную працу механізатараў і падзякаваць за яе, да аграрыяў акурат на поле завітаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Васюковіч.
За добрасумленную працу, якаснае і адказнае выкананне сваіх абавязкаў, высокія вытворчыя паказчыкі ў раённым спаборніцтве на падкормцы азімых зерневых і крыжакветных культур першае месца заняў трактарыст-машыніст ААТ “Бягомльскае” Віталій Лях. Яго заспелі за ўнясеннем угнаенняў.
– На “Расе” працаваць – адно задавальненне, – удакладняе Віталій. – Трактар прасеў бы на першай нізіне, а гэты пнеўмаход ідзе мякка, хуткасць трымае добрую. Нагрузка, канешне, вялікая, але мы разумеем: зараз адзін дзень увесь год корміць.
На апрысквальніку механізатар працуе ўжо шосты сезон. Заўважаем, што давераную тэхніку ён трымае ў выдатным стане – ад новай не адрозніць.
Лідарам спаборніцтва на ўзорванні глебы пад сяўбу яравых культур стаў трактарыст-машыніст ААТ “Таргуны” Павел Рудзько. Зараз Павел Уладзіміравіч актыўна ўключыўся ў корманарыхтоўчую кампанію: працуе на трактары ў счэпе з самаходнай касілкай з дзевяціметровым захопам.
Заслужаная ўзнагарода была ўручана таксама яшчэ аднаму прафесіяналу – механізатару ААТ “Барсучанка” Аляксандру Рамашову. Сёлета Аляксандр Мікалаевіч вызначыўся на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу яравых культур.
Механізатар гэтага ж сельгаспрадпрыемства Мікалай Баброўскі – таксама мясцовы перадавік. Высокі вынік хлебароб прадэманстраваў на сяўбе яравых культур і адпаведна заняў першае месца ў раёне.
– Дзякую вам за працу. Жадаю, каб тэхніка не падводзіла, а надвор’е спрыяла ўсім вашым планам, – сказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.



