Свята нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае” адбылося ў аграгарадку Таргуны
У нядзелю, у першы дзень Святой Тройцы, у аграгарадку Таргуны адбылося свята нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае”.
Пасля святочнага малебну ў царкве Нерукатворнага вобраза Гасподняга ўдзельнікі і госці рушылі да галоўнай пляцоўкі, дзе ўсіх чакаў абрад кумавання. Куміцца – гэта значыць папрасіць адзін у аднаго прабачэння і тройчы пацалавацца праз вянок.
Пра тое, што дзень Святой Тройцы прынята адзначаць з размахам, сведчыў Траецкі кірмаш. Тэматычныя пляцоўкі прэзентавалі арганізацыі Тумілавіцкага сельсавета. Неверагодная прыгажосць была прадстаўлена на “Алеі майстроў”. Жывапісам захапляецца Ала Краўчонак, пляценнем з ратангу – Вера Варанковіч, вязаннем – Марыя Тхорава. Вядомым тутэйшым майстрам кошыкаў з’яўляецца Аляксандр Антонаў. Біжутэрыю на любы густ вырабляе Святлана Хаміцэвіч. На пляцоўцы Дома рамёстваў ахвотныя мелі магчымасць далучыцца да праекта “Жывая спадчына”, у межах якога на кожным брэндавым свяце раёна ладзіцца майстар-клас па стварэнні маляванкі.
А ці ведаеце вы, якая страва на Тройцу з’яўляецца традыцыйнай?
Кажуць, каб набрацца сіл і быць здаровым цэлы год, трэба абавязкова пакаштаваць траецкай яечні! Гэту смакату гатавалі тут жа на распаленай калодзе гаспадыні з аматарскага клуба “Смачна есці” Крыпульскага СДК. Папулярнасцю карысталася і пляцоўка аграсядзібы “Вецяра”.
Цэнтральнае месца на святочным стале належыць траецкаму хлебу, пакаштаваць які павінны па традыцыі ўсе члены сям’і. Духмяны каравай падзялілі паміж усімі, хто завітаў на Траецкі кірмаш.
Са святам жыхароў і гасцей аграгарадка павіншавалі начальнік аддзела культуры райвыканкама, член прэзідыума раённага Савета дэпутатаў Вольга Сушко і настаяцель царквы Нерукатворнага вобраза Гасподняга ў Таргунах айцец Пётр Іоська.
На фэсце адзначылі падарункам самага юнага жыхара Таргуноў. Сёлета гэта Соф’я Давыдава. Прыгадалі і старажылаў. Па 95 гадоў у чэрвені гэтага года споўніцца Яўгеніі Маскалёнак з Таргуноў і Адэліі Аніковіч з Несцераўшчыны. 93-гадовы дзень нараджэння адзначылі Ніна Касцюковіч і Марыя Васілевіч са Стараселля, 91 год сустрэлі Вінцэнта-Альфрэда Батвілоўская і Руфіна Карніловіч з Таргуноў. 90-гадовы юбілей адсвяткавала знакамітая прыпевачніца Марыя Гамановіч са Сценкі. 89 гадоў споўнілася Галіне Грыцкевіч, Яўгеніі Шылёнак, Зінаідзе Кавалевіч з Дзедзіна і Сафіі Плыгаўка з Тумілавіч. Залатое вяселле сёлета адсвяткавалі сужэнцы Фёдар і Валянціна Малюжанцы.
Словы падзякі гучалі ў адрас працаўнікоў сельскай гаспадаркі, ветэранаў педагагічнай працы. Дарэчы, свята нацыянальнай культуры ў Таргунах не ўпершыню становіцца нагодай для сустрэчы выпускнікоў. Вось і на гэты раз на фэсце сабраліся тыя, хто скончыў Таргуноўскую СШ паўвека таму.
На мерапрыемстве за актыўны ўдзел, ініцыятыўнасць і вялікі асабісты ўклад у добраўпарадкаванне і азеляненне прыдамавой тэрыторыі былі адзначаны Мікалай і Лілія Маскалёнкі, Іван і Вера Раткевіч, Яраслаў і Альфрэда Пяцько. Падзякі гаспадарам уручыў старшыня Тумілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Хілько.
Святочны настрой падтрымлівалі маленькія танцоры з мясцовага дзіцячага сада, юныя артысткі Кіра Забродзіна, Агнія Карніловіч і Арына Малюжанец, вакальна-інструментальны ансамбль Таргуноўскага клуба-бібліятэкі, салісты Аляксандр Малюжанец, Сяргей Гамановіч, Святлана Аўрэйцэвіч, Ала Краўчонак, ансамбль “Кружева” Докшыцкага ГЦК.
У раённым праекце “Жаночы код Докшыччыны”, у межах якога на брэндавых мерапрыемствах сельсаветаў ушаноўваюцца жанчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нашага раёна, у намінацыі “Жанчына-маці” адзначана Лідзія Хілько. Лідзія Тарасаўна з мужам Аляксандрам амаль 60 гадоў крочаць разам па жыцці. Нарадзілі і выхавалі дзесяць дзяцей.
У конкурсе-прэзентацыі тэматычных пляцовак “Беларуская хата ўсім багата” перамог калектыў Таргуноўскага дзіцячага сада. Другое месца ў ААТ “Таргуны”, трэцяе – у крамы “Родны кут” аг. Таргуны.
У раённым конкурсе фальклорнай творчасці “З крыніц спрадвечных” першае месца ў калектываў Валкалацкага СДК, а таксама творчага тандэма Гняздзілаўскага СДК і Бярозаўскага клуба-бібліятэкі. Другое месца ў Крыпульскага клуба-бібліятэкі, трэцяе – у Парплішчанскага СДК.
Дыпломамі за ўдзел у раённым конкурсе творчасці сярод дзяцей і моладзі “Зорачкі малой радзімы” адзначаны Кіра Забродзіна і Арына Малюжанец.
У рамках свята нацыянальнай культуры адбыўся раённы агляд-конкурс “Іграй, гармонь!”. У ім удзельнічалі вучні з Докшыцкай, Бягомльскай, Ушацкай, Глыбоцкай, Пастаўскай ДШМ.
У намінацыі “Саліст-інструменталіст” дыпломамі за І месца ўзнагароджаны Ілья Барысёнак, Уладзіслаў Ярмош, Антон Тарасевіч (Ушацкая ДШМ імя Д. Крупені), Ангеліна Жабкіна (Докшыцкая ДШМ імя Н. Сакалоўскага).
У намінацыі “Інструментальны ансамбль” пераможцамі сталі дуэты баяністаў Ушацкай ДШМ Ілья Барысёнак і Артур Свідзінскі, а таксама Ілья Барысёнак і Вячаслаў Бакан, ансамбль народных інструментаў «Васількі» Азярэцкага філіяла Глыбоцкай ДШМ, інструментальны ансамбль “Разыначкі” Докшыцкай ДШМ.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.
























