Валентина Полочанин 40 лет отработала в Порплищенском детском саду
Нядаўна выйшла на заслужаны адпачынак загадчык гаспадаркі Парплішчанскага дзіцячага сада Валянціна Палачанін. Гэтай установе Валянціна Леанідаўна аддала чатыры дзесяцігоддзі. Агульны ж яе стаж – сорак тры гады.
– Мала таго, дык я яшчэ ў ліку першых выпускнікоў нашага садзіка, – адзначае жанчына. – Можна сказаць, з перапынкам на школу і трохгадовую работу на пачатку працоўнага шляху выхавальніцай у Гарадзішчанскім дзіцячым садзе, я тут усё жыццё. Не шкадую, што яно ў мяне так склалася, а, наадварот, шчаслівая: што можа быць лепшым, калі ў чалавека ёсць стабільнасць, калі не трэба кідацца з месца на месца ў пошуках свайго прызначэння, той справы, да якой ляжыць душа?
Валянціна Леанідаўна, з якой сустрэліся ў яе апошні рабочы дзень, закончыла ў свой час Наваполацкі педклас, шмат гадоў рупілася ў садзе выхавальнікам, пасля – памочнікам выхавальніка. Згадвае са светлай настальгіяй той вясёлы гармідар, які існаваў у гэтых сценах: колькасць маленькіх наведвальнікаў установы даходзіла да пяці дзясяткаў. Суразмоўца зазначае, што яе прафесія, хоць і патрабавала нястомнай клапатлівасці і вялікай адказнасці, несла такую цеплыню для душы, давала столькі пазітыву, столькі сіл, што іх хапала на ўсё: на ўласную сям’ю, вядзенне хатняй гаспадаркі, грамадскія справы, захапленні.
– Прыйдзеш да сваіх малышоў – і ўмомант забываеш пра якіясьці праблемы ці трывогі, настрой паляпшаецца, бо яны ж і насмешаць, і пацешаць, і здзівяць, і ўзрушаць, – кажа.
І гэта сапраўды так, калі работа з дзецьмі не проста работа, а прызванне.
З 2000 года Валянціна Леанідаўна стала загадваць садаўскай гаспадаркай.
– Галоўная рыса, якую можна вылучыць з вялікага набору станоўчых якасцей Валянціны Леанідаўны, – гіперадказнасць, – гаворыць пра калегу Ганна Асон. – Свае абавязкі Валянціна Леанідаўна выконвала, калі вобразна, так, што камар носу не падточыць, і ўсёй душой хварэла за справу. У любую хвіліну, ці гэта быў рабочы час, ці вольны, можна было спадзявацца на яе падтрымку і дапамогу. Вельмі сумленная, акуратная, скрупулёзная, яна чамусьці заўсёды моцна хвалявалася, калі здараліся праверкі ці маніторынгі, хоць на тое зусім не было прычын. Перажывала, каб не падвесці калектыў, каб не аказацца ў чымсьці некампетэнтнай, што апрыёры было немагчымым. Калі ж карацей, выдатны работнік і цудоўны чалавек.
Валянціна Леанідаўна прызналася, што пакуль не ўяўляе, як гэта: не крочыць раніцай звыклым шляхам у свой другі дом. Аднак упэўнена, што на пенсіі сумаваць не прыйдзецца. Больш увагі будзе ўдзяляць дарагому мужу Анатолю, з якім разам літаральна са школьнай парты, цешыцца чатырма ўнукамі, гатаваць для іх розную смакату – у гэтым наша гераіня вялікі майстар, прызнаны ў акрузе: яе клічуць рыхтаваць святочныя, найчасцей вясельныя сталы. З Валянцінай Леанідаўнай жыве таксама яе мама, якая будзе толькі рада бачыць дачку дома. Ну і на любімыя заняткі, сярод якіх найперш інтэлектуальныя – чытанне, разгадванне красвордаў і галаваломак, знойдзецца лішняя гадзіна. Новы віток жыцця – няхай ён будзе шчаслівым і багатым на пазітыўныя эмоцыі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

