Пять докшичанок приняли участие в районном этапе конкурса молодых работников «СуперПрофи-2026»
Пяць прыгожых, яркіх, таленавітых дзяўчат у Год беларускай жанчыны сталі ўдзельніцамі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі “СуперПрофі-2026”, які адбыўся ў межах форуму. Гэта спецыяліст по продажы ВУ “Віцебскторф” Марыя Барыла, культарганізатар аўтаклуба Надзея Чучман, фельчар-лабарант Докшыцкай ЦРБ Марыя Кулевіч, настаўнік Глінскай СШ Віялета Юхнавец і выхавацель дзіцячага сада № 3 г. Докшыцы Крысціна Марыніч.
Выйсці на сцэну першым заўсёды эмацыйна складана, але Марыя Барыла справілася з хваляваннем і годна прадставіла сябе і сваю прафесію, упэўнена адказала на пытанні вядучых у бліц-інтэрв’ю, а ў творчым конкурсе прачытала байку Кандрата Крапівы “Мурашка і Жук”.
Зазірнуць у закуліссе культработніка запрасіла Надзея Чучман. Сваю работу яна асацыявала з прызваннем рабіць жыццё навакольных больш яркім і падарыла гледачам і журы песню.
Марыя Кулевіч упэўнена, што сяброўства і вопыт заўсёды перамогуць. А лепшы адпачынак – гэта зносіны з сям’ёй ці сябрамі, падарожжы і змена дзейнасці. У творчым конкурсе малады спецыяліст прачытала верш пра Докшыцкую ЦРБ уласнага сачынення.
У сваёй візітоўцы Віялета Юхнавец прадставіла сябе маленькім прынцам з любімай аповесці-казкі Антуана дэ Сент-Экзюперы і заклікала ўспомніць, што ўсе дарослыя некалі былі дзецьмі, толькі забыліся пра гэта і перасталі бачыць сэрцам. Але ж самае галоўнае можна ўбачыць толькі праз яго. Пранікнёным было і выступленне канкурсанткі з вершам Марыны Яныкінай “Букет рамонкаў”.
“Мая прафесія – гэта любоў”, – так ахарактарызавала дзейнасць выхавацеля дзіцячага сада Крысціна Марыніч і раскрыла сакрэт сваіх добрых адносін з дашкалятамі. Па яе словах, дзяцей трэба хваліць, верыць у іх. Гэта матывуе малечу на добрыя паводзіны. Прыгожым нумарам у выкананні Крысціны Марыніч разам з яе калегамі і выхаванцамі завяршылася конкурсная праграма, ацэньваючы якую кампетэнтнаму журы на чале з Валянцінай Рандарэвіч прыйшлося нялёгка.
– Чалавек – гэта вельмі шматгранная асоба. І маладосць – самая выдатная пара для таго, каб гэтую шматгранную асобу раскрыць, – з прывітальным словам звярнулася да юнакоў і дзяўчат кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна. – Маладосць не бясконцая. Таму не адкладайце на заўтра тое, чаго можна дасягнуць сёння. Адважвайцеся, стварайце, карыстайцеся кожнай магчымасцю. Поспехаў, заваявання новых вышынь, а самае галоўнае – шчасця, кахання, міру і ўдачы!
Пераможцай конкурсу “СуперПрофі-2026” стала Віялета Юхнавец, якая прадставіць раён на абласным этапе.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.




















