Три жителя района направлены в лечебно-трудовые профилактории
Тры жыхары раёна, якія злоўжываюць алкаголем і пры гэтым здзяйсняюць адміністрацыйныя правапарушэнні, накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Адпаведныя рашэнні прыняў суд раёна ў час разгляду грамадзянскіх спраў па заявах аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Усе тры адкрытыя судовыя пасяджэнні праходзілі ў памяшканні Докшыцкага сельвыканкама з удзелам пракуратуры раёна.
Па першай справе праходзіў жыхар аг. Сітцы 1965 г.нар., які з 2018 г. знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага. Мужчына двойчы на працягу года прыцягваўся да адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення і быў папярэджаны аб магчымасці накіравання ў ЛПП у выпадку наступнага “нецвярозага” парушэння закону. Аднак пасля гэтага ён зноў пераступіў рысу.
У адпаведнасці з заключэннем спецыяльнай медыцынскай камісіі, грамадзянін хворы на хранічны алкагалізм і не мае захворванняў, якія перашкаджалі б накіраванню ў ЛПП.
Характарызуецца нездавальняюча, не працуе, мер па добраахвотным лячэнні ад алкагалізму не прадпрымае. У бліжэйшыя 12 месяцаў фігурант справы будзе лячыцца.
На другім пасяджэнні перад судом паўстаў малады бегамльчанін – 2002 г.нар., таксама з хранічным алкагалізмам, знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага, жадання працаваць не мае і характарызуецца адмоўна. У прафілакторый адправіцца на адзін год.
А жыхар в. Запалле 1977 г.нар. будзе праходзіць медыка-сацыяльную рэадаптацыю з абавязковым прыцягненнем да працы аж два гады. Ён знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага, але з’яўляецца на прыём нерэгулярна, беспрацоўны, мае адмоўную характарыстыку, здзяйсняе адміністрацыйныя правапарушэнні, у тым ліку ў дачыненні да членаў сям’і і блізкіх сваякоў. У 2007-м і 2017-м гадах ужо накіроўваўся ў ЛПП і праходзіў лячэнне па 12 месяцаў. Гэта і стала падставай для суда павялічыць цяперашні тэрмін у два разы ў параўнанні з папярэднімі.
Як бачна, паводзіны хранічных алкаголікаў як пад капірку. Зялёны змей не шкадуе сваіх ахвяр, і чым больш чалавек знаходзіцца ў яго ўладзе, тым горш.
Вячаслаў Елісеенка, старшыня суда раёна:
– У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх” ад 4 студзеня 2010 г., у ЛПП могуць накіроўвацца на тэрмін 12 месяцаў грамадзяне, якія на працягу года два і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення, былі папярэджаны аб магчымасці накіравання ў ЛПП і на працягу года пасля папярэджання здзейснілі адміністрацыйнае правапарушэнне ў стане алкагольнага ап’янення, за якое былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Калі грамадзянін накіроўваецца ў ЛПП у трэці ці наступны раз, тэрмін знаходжання ў ЛПП складае 24 месяцы.
Празмернае ўжыванне алкаголю з’яўляецца прычынай шматлікіх правапарушэнняў і злачынстваў: грамадзяне парушаюць грамадскі парадак, наносяць шкоду здароўю і маёмасці іншых людзей. Накіраванне ў ЛПП – пакуль што адзіны правільны выхад, калі ў хворага не хапае сілы волі перайначыць сваё жыццё.
Ніна КРУКОВІЧ.

