Что нужно для того, чтобы стать охотником?
Што неабходна для таго, каб стаць паляўнічым?
Адказвае ўчастковы інспектар РАУС лейтэнант міліцыі Арцём Батура, які абслугоўвае адміністрацыйныя ўчасткі Тумілавіцкага і Бярэзінскага сельсаветаў:
– Спачатку будучаму паляўнічаму трэба звярнуцца ва УП “Белдзяржпаляванне” або ў лясгас па месцы жыхарства для праходжання падрыхтоўкі і здачы спецыяльнага паляўнічага экзамену для атрымання дзяржаўнага пасведчання на права палявання.
Далей неабходна напісаць заяву ў райаддзел міліцыі па месцы жыхарства аб атрыманні дазволу на набыццё гладкаствольнай зброі. Папярэдне трэба аплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры адной базавай велічыні за яе выдачу. Да заявы і квітанцыі аб аплаце неабходна прыкласці медыцынскую даведку. Пры сабе мець пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу, дзяржаўнае пасведчанне на права палявання і дзве каляровыя фатаграфіі памерам тры на чатыры сантыметры.
Звярніце ўвагу на тое, што вас абавязкова наведае ўчастковы, каб праверыць умовы захоўвання агнястрэльнай зброі. Для гэтага дастаткова купіць сейф альбо металічную скрыню, якая замыкаецца.
Пасля набыцця стрэльбы яе трэба зарэгістраваць у 10-дзённы тэрмін. Неабходна прыйсці ў райаддзел міліцыі з набытай зброяй і дакументамі на яе і атрымаць дазвол на захоўванне. За гэта давядзецца заплаціць яшчэ дзве базавыя велічыні.

