Инспектор Докшицкого РОЧС совмещает службу в погонах с активным образом жизни и заботой о семье

17. С детьми

Служба ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях патрабуе вытрымкі, фізічнай загартоўкі і пастаяннай самаадукацыі. Асабліва шчырае захапленне выклікаюць тыя, хто сумяшчае службу ў пагонах з актыўным ладам жыцця, дысцыплінай і клопатам аб сям’і і дзецях. Яркі прыклад таму – Валянціна Траба, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Докшыцкага РАНС, старшы лейтэнант унутранай службы.

Пра тое, як загартоўваўся характар, пра павароты лёсу і што значыць быць шчаслівай мамай, – у інтэрв’ю з нашай зямлячкай.

– Валянціна, на працягу  трох гадоў Вас добра ведаюць у раёне як прадстаўніцу службы МНС. А якую прафесію Вы атрымалі да таго як прыйсці ў аддзел?

– З дзяцінства была вельмі актыўнай і мэтанакіраванай. Пасля сямі класаў школы вучылася ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, а затым без іспытаў паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на спецыяльнасць “Цяжкая атлетыка”. Але аднойчы здарылася тое, ад чаго не застрахаваны ніводзін спартсмен: я атрымала сур’ёзную траўму. Пасля гэтага, зразумела, прафесійны памост застаўся ў мінулым, але трэніроўкі для сябе, для душы і здароўя не закінула. Пазней завочна закончыла фізкультурны факультэт у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. Пасля працавала трэнерам у спартыўнай школе ў Докшыцах, выкладала фізкультуру ў Парплішчанскай сярэдняй школе. Мне заўсёды падабалася працаваць з дзецьмі, бачыць, як яны пераадольваюць перашкоды і становяцца моцнымі духам.

– І ўсё ж такі лёс накіраваў Вас, майстра спорту па цяжкай атлетыцы, у іншую сферу…

– У структуру райаддзела па надзвычайных сітуацыях прывяло жаданне дапамагаць і быць карыснай для іншых. Мая задача – зрабіць так, каб няшчасныя выпадкі, і асабліва трагедыі, абыходзілі людзей бокам. Работа маштабная: напрыклад, толькі за мінулы год з удзелам сектара прапаганды было праведзена больш за 400 прафілактычных мерапрыемстваў, падчас якіх аб правілах пажарнай бяспекі нагадана амаль што васьмі тысячам чалавек. Работа не абмяжоўваецца толькі аднымі выступленнямі, яна даволі разнастайная. Вяду ўрокі бяспекі ў дзіцячых садах і школах, аздараўленчых лагерах. Каб падрастаючаму пакаленню было цікава, арганізоўваю інтэрактыўныя квесты і гульні, дэманструю відэафільмы. Акрамя гэтага, частым госцем бываю ў працоўных калектывах, а таксама ўдзельнічаю ў рабоце аглядавых камісій, дзе правяраю з калегамі жылы сектар. Карацей, зазіраю ў кожны куток раёна.

– Ваша галоўная зброя – слова і перакананне. Ці лёгка дастукацца да свядомасці людзей, калі размова ідзе пра іх уласную бяспеку?

– Да кожнага патрэбен свой падыход. Напрыклад, да пажылых у сельскай мясцовасці іду не як строгі інспектар, а як дачка ці ўнучка. Да іх – з душой і клопатам. З дзецьмі па-іншаму: ім нецікавыя сухія лекцыі, наадварот – чакаюць гульні, конкурсы, мультфільмы. І ведаеце, гэта працуе. Часта дзеці прыходзяць дадому і пачынаюць выхоўваць бацькоў: “А інспектар Валянціна Сяргееўна сказала, што на ноч нельга пакідаць тэлефон на зарадцы”. З людзьмі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, прыходзіцца гаварыць жорстка і іншы раз прыводзіць прыклады рэальных трагедый.

– Ваша служба патрабуе строгасці, дысцыпліны і цвёрдасці харакару. Ці пераключаецеся дома на мяккі тон і хатнюю цеплыню? Хто Вас чакае з работы?

– Галоўная мая апора – сын Цімафей і дачушка Ева. Так, часам пасля рэйдаў альбо выездаў хочацца проста памаўчаць, але дзеці – гэта каласальная крыніца энергіі. Цімафей стараецца ў чымсьці дапамагчы. Ева – ласкавая дзяўчынка. Яны разумеюць, што ў мамы адказная работа, і з гонарам глядзяць на мяне ў пагонах. Дома я любячая мама, якая абдымае сваіх дзяцей, распытвае пра школьныя справы. Стараюся даць ім максімум любові, цеплыні і ўвагі, каб яны ведалі: што б ні здарылася, мама заўсёды выслухае і падтрымае.

5. Школа 2

 

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота з асабістага архіва. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *