Ряды Докшицкого районного отдела Следственного комитета пополнила молодой специалист
Рады Докшыцкага раённага аддзела Следчага камітэта папоўніла малады спецыяліст Анастасія Раманенка. Цяпер Анастасія Аляксееўна – цывільны следчы, але марыць пра паспяховую атэстацыю, каб атрымаць афіцэрскае званне.
Аднак не ўсё адразу – пакуль што трэба паднабрацца вопыту і замацаваць тэорыю на практыцы.
Малады спецыяліст нясе сутачныя дзяжурствы, падчас якіх у складзе следча-аператыўнай групы выязджае на здарэнні, расследуе крымінальныя справы. Сёння на яе стале – матэрыялы па двух махлярствах у сферы IT, няпростых для расследавання. У прафесіі, кажа, не расчаравалася, і кожны рабочы дзень пераконвае яе ў правільнасці абранага шляху.
– Як жа мне хацелася на службу ў праваахоўныя органы! – успамінае дзяўчына. – Чытала кнігі, глядзела фільмы пра абарону законнасці і справядлівасці. І працягваю гэта рабіць. Да ўсяго паглыбляю веды па псіхалогіі злачынцаў, псіхапатаў і г. д. – вывучаю спецыяльную літаратуру аб унутраных матывах, прычынах антыграмадскіх паводзін.
Родам Насця з Бягомля, падчас абітурыенцкай кампаніі скарысталася мэтавым накіраваннем ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці і паступіла на прэстыжны юрыдычны факультэт БДУ. У 2022 годзе якраз актыўна ажыццяўляліся першыя наборы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў інтарэсах СК, а сёлета рэгіянальныя і вядучыя ВНУ краіны выпусцілі першых сваіх навучэнцаў гэтай катэгорыі, сярод якіх і Насця.
– Мэтавае навучанне дае шэраг прывілей, уключаючы гарантаванае працаўладкаванне і праходжанне вытворчай практыкі на сваім будучым рабочым месцы, – расказала малады следчы. – Таму да службы ў Докшыцкім аддзеле адаптавалася даволі хутка, бо ўжо была знаёма амаль з кожным супрацоўнікам і мела выразнае ўяўленне пра фронт работ.
Анастасія добра адгукаецца пра калег, якія заўсёды дапамогуць не толькі ў службовых справах, але, калі трэба, і ў асабістых. Такія ўзаемаадносіны цудоўна адлюстроўваюцца на клімаце ў калектыве, а ў выніку і на праца-
здольнасці. Дзяўчына выказвае шчырую ўдзячнасць свайму настаўніку ў аддзеле – старшаму следчаму старшаму лейтэнанту юстыцыі Крысціне Яловік. Адказная, скрупулёзная Крысціна Дзмітрыеўна з’яўляецца прыкладам таго, як у любым узросце можна заваяваць аўтарытэт у прафесіі. Каля трох гадоў таму Крысціна разам са сваім настаўнікам Аляксандрам Маслоўскім занялі першае месца ў рэспубліканскім штогадовым конкурсе на лепшую арганізацыю працы з маладымі следчымі Беларусі. А зараз вось прыйшла пара самой перадаць уменні і навыкі новаспечанаму спецыялісту.
– Канечне ж, хваляванняў у сувязі з першым працаўладкаваннем хапае, – прызнаецца Насця. – Але я буду старацца загартоўваць у сабе стрэса-
ўстойлівасць, цярплівасць, уседлі-
васць: ведаю, што гэтыя рысы дапамогуць як у расследаваннях, так і ў звычайным жыцці.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

