Накануне Дня народного единства представительницы Докшицкого района побывали с экскурсией во Дворце Независимости

Наталія Бульбенка, Ірына Супранёнак, старшыня грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" Вольга Шпілеўская і Таццяна Кавалёнак.

Наталія Бульбенка, Ірына Супранёнак, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Вольга Шпілеўская і Таццяна Кавалёнак.

НАПЯРЭДАДНІ ДНЯ НАРОДНАГА АДЗІНСТВА прадстаўніцы Віцебскай вобласці пабывалі з экскурсіяй у Палацы Незалежнасці. Сярод іх і тры жыхаркі аг. Крулеўшчына: Таццяна Кавалёнак, Ірына Супранёнак і Наталія Бульбенка.

Дэлегацыю ўзначаліла старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая. Мерапрыемства адбылося ў рамках праекта «Мы розныя, але мы адзіныя», які рэалізуецца БСЖ. Экскурсію па Палацы правяла прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант.

 

Ірына Супранёнак, настаўнік-дэфектолаг Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова:

– Уражанні ад экскурсіі грандыёзныя. Маштабы Палаца Незалежнасці проста ўражваюць! Вялізныя залы, неверагодна высокія столі, гіганцкія люстры – усё выглядае велічна і ўрачыста. Кожная зала ўнікальная па-свойму. Захапляе нацыянальны каларыт афармлення: арыгінальны дызайн, багацце святла і манументальнасць. Больш за ўсё мяне здзівіла, што практычна ўвесь інтэр’ер справа рук беларускіх майстроў. Палац дэманструе найлепшы ўзровень майстэрства нашых будаўнікоў, мастакоў і дызайнераў. Гэта выклікае сапраўдны гонар! Яркія ўражанні засталіся ад зімовага саду і Музея падарункаў ад замежных дэлегацый.

Экскурсія была вельмі інфарматыўнай. Цікава было даведацца пра тонкасці дыпламатычнага пратакола.

Для мяне гэта вялікі гонар – убачыць увачавідкі месца, дзе прымаюцца найважнейшыя для краіны рашэнні. Такое ўражанне, што дакранулася да гісторыі ўжывую, адчула дух часу і гордасць за сваю рэспубліку.

 

Таццяна Кавалёнак, начальнік чыгуначнай станцыі Круляўшчызна:

– Палац Незалежнасці бачыла раней толькі па тэлебачанні: і звонку, і падчас розных мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта. Таму лічу, што мне вельмі пашанцавала апынуцца ў гэтым сімвалічным для кожнага беларуса месцы. Ад велічы і ўбрання Палаца проста захапіла дух, а ўсведамленне таго, што адбылося, прыйшло толькі на наступны дзень.

Палац Незалежнасці ўражвае сваёй прыгажосцю, вытанчаным стылем. Дарэчы, пабудаваны палац за 30 месяцаў замест запланаваных 58 і амаль поўнасцю беларускімі майстрамі з айчынных матэрыялаў. Што адметна, у афармленні паўсюдна выкарыстоўваецца нацыянальны арнамент.

Наталля Эйсмант падрабязна і вельмі цікава расказала пра залы. Кожная з іх прадугледжана для вызначаных мерапрыемстваў і мае адпаведнае афармленне, над якім працавалі мастакі і дызайнеры. Асабліва запомнілася гісторыя пра Зялёную залу, дзе ў 2015 годзе праходзілі перагаворы “нармандскай чацвёркі”, Зала для ўрачыстых цырымоній, інтэр’ер якой можна ўбачыць, напрыклад, падчас уручэння дзяржаўных узнагарод. У Музеі падарункаў можна прасачыць геаграфію замежных сустрэч і паездак на вышэйшым узроўні.

Вельмі ўразіла тое, што Палац Незалежнасці – гэта адкрытае народнае месца. Тут пануе асаблівая атмасфера, якая выклікае пачуццё гонару і дачынення да лёсу роднай краіны. Гэта сімвал нашага адзінства.

 

Наталія Бульбенка, аператар станцыйнага тэхналагічнага цэнтра апрацоўкі перавазных дакументаў станцыі Круляўшчызна:

– Зноў і зноў праглядаю фотаздымкі з экскурсіі, узгадваю падрабязнасці ўбачанага – і разуменне значнасці падзеі трывала замацоўваецца ў свядомасці. Уражанні і эмоцыі складана перадаць словамі: яны проста неабсяжныя.

У Палацы Незалежнасці пішацца гісторыя нашай роднай Беларусі. І сам факт, што ты дакрануўся да гэтага, адчуў сябе часткай вялікай і моцнай краіны, выклікае неймавернае пачуццё гордасці. У навінах месца здавалася надта афіцыйным, строгім. А трапляеш туды – узнікае адчуванне цеплыні. Гэта дзякуючы майстэрскаму афармленню інтэр’ераў, дзе прадумана кожная дробязь. Усё вельмі прыгожа, узнёсла і вытанчана.

Удзячная арганізатарам за магчымасць наведаць Палац Незалежнасці. Апынуцца ў залах, якія ведае ўвесь свет, прайсціся па калідорах, што бачылі дзясяткі сусветных лідараў, адчуць атмасферу, дзе працуе Кіраўнік дзяржавы, – гэта вельмі пачэсна для кожнага беларуса.

Наведванне Палаца Незалежнасці застанецца незабыўнай падзеяй, таму што яна падарыла магчымасць яшчэ раз адчуць гонар за Беларусь, за сваіх таленавітых суайчыннікаў.

Арына АЛЯКСАНДРАВА,

Наталля ВАСЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *