Арандатары зарыбілі вадаёмы

Адзін з прыродаахоўных рэйдаў, якія сістэматычна праводзяць Бягомльская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету і Докшыцкая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адбыўся 11 лістапада, якраз у той дзень, калі Докшыцкае ПМС праводзіла зарыбленне арандаваных вадаёмаў.

Для вядзення рыбалавецкага промыслу Докшыцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм арандуе два вадаёмы: Сэрвач і Межужол. Згодна з умовамі арэнды, яно не толькі карыстаецца азёрамі ў прамысловых мэтах, але даглядае іх, добраўпарадкоўвае прыбярэжныя тэрыторыі, зарыбляе.

Апошні раз на Сэрвачы ПМС праводзіла зарыбленне ў 2009 годзе. Цяпер – паўтарыла. У гэта возера запусцілі 707 шчупакоў-сяголетак (106 кілаграмаў). Межужол прадпрыемства зарыбляла ўпершыню. У яго выпусцілі карасёў, таксама сяголетак, – 54 тысячы штук (540 кілаграмаў). За гэту рыбу прадпрыемства заплаціла рыбгасу “Навінкі” 14 мільёнаў 83 тысячы рублёў.

Працэс зарыблення адбыўся пад наглядам супрацоўнікаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Бягомльскай МРІ, Докшыцкай інспекцыі ПРіАНА і ПМС.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *