Звонкая раніца

З 8 лістапада па ўсёй краіне пачаўся кастынг рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца”. Гэты творчы конкурс праводзіцца з мэтай падтрымкі юных талентаў і дараванняў. Для юных вакалістаў ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў – гэта шанс праявіць сябе і паказаць сваю манеру выканання, артыстызм, харызму. Кастынг праводзіўся ў 12 гарадах нашай рэспублікі.

Удзельнікі вакальных студый “Тоніка” і “Зоркапад” Цэнтра дзяцей і моладзі, магчыма, будучыя зоркі, вырашылі вынесці на суд прафесійнага журы сваё вакальнае майстэрства. Гэта вучні сярэдняй школы № 2 г. Докшыцы Крысціна Мандрук і Віка Корбан і вучні Крулеўшчынскай сярэдняй школы Дарына Навіцкая і Аляксандр Плыгаўка, без якіх сёння не абыходзіцца ніводнае школьнае мерапрыемства. Неаднаразова яны выступалі і на раённай сцэне ў час фестываляў, акцый, канцэртаў .

У час кастынгу кожны ўдзельнік расказваў пра сябе, пра сваё захапленне, паказваў падрыхтаваны нумар. Па прапанове журы, канкурсант выконваў любімую песню а капэла, спрабаваў спяваць нават на замежнай мове.

Кастынг, які праводзіўся арганізатарамі “Звонкай раніцы” ў Паставах, дзе прымалі ўдзел нашы юныя таленты, — гэта толькі першы этап рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў. Наперадзе – яшчэ тры.

Усе юныя выканаўцы хваляваліся, але добразычлівасць журы давала падтрымку, надзею, добры настрой. Паспяховым стаў удзел у кастынгу Крысціны Мандрук і Аляксандра Плыгаўкі: відэазапіс іх выступленняў будзе разглядацца ў наступным туры.

А нашым юным артыстам хочацца пажадаць на іх творчым шляху многа новых конкурсаў, перамог, дзе іх абавязкова заўважаць, і ніколі не губляць любоў да музыкі і песні.

На здымку: Дарына Навіцкая, Віка Корбан, Крысціна Мандрук і Аляксандр Плыгаўка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *