Ребят из Бегомльской вспомогательной школы-интернат посетил Владимир Андрейченко с подарками

Ужо стала добрай традыцыяй, што напярэдадні Новага года ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” прадстаўнікі органаў улады наведваюцца з падарункамі да тых дзяцей, якія пазбаўлены бацькоўскага клопату і пяшчоты.

У Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце 29 снежня адбылося навагодняе свята, на якое завітаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Андрэйчанка.

– Новы год – гэта свята, якога чакаюць усе людзі і хочуць, каб яно было цікавае і казачнае. Мы, дарослыя, незалежна ад таго, дзе знаходзяцца дзеці – у школе ці ў дзіцячым садзе, у бальніцы ці ў дзіцячым прытулку – павінны праявіць увагу да іх, стварыць ім казачны настрой, а таксама парадаваць падарункамі, – гаварыў Уладзімір Паўлавіч. – Віншую ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак з Новым годам і жадаю, каб яны раслі здаровымі, шчаслівымі, мелі шмат добрых і верных сяброў.

Пасля слоў віншавання выхаванцы школы-інтэрната атрымалі з рук Старшыні Палаты прадстаўнікоў прыгожа аформленыя салодкія падарункі ў выглядзе кнігі з 3D-акулярамі ўнутры. Госці ўлічылі таксама, што ў зімовы час дзеці таксама павінны праводзіць час на свежым паветры, а таму прывезлі для іх новыя лыжы і канькі, якія ўжо ў гэтым сезоне можна будзе апрабаваць. А для навучання ды і выхавання таксама вельмі дарэчы будзе падораны ноўтбук.

На гэтым падарункі не закончыліся. Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч таксама прыехала на свята не з пустымі рукамі.

– Дарагія нашы дзеці, ад імя раённага выканаўчага камітэта і райсавета віншую вас з такім цудоўным святам, – сказала яна, – і жадаю, каб добры настрой у вас панаваў на працягу ўсяго года, каб вы жылі вялікай дружнай сям’ёй і вашы запаветныя мары здзяйсняліся.
А для таго, каб вы заўсёды былі прыгожыя і акуратныя, наш падарунак – пральная машына!  

Затым настаў час казачнага прадстаўлення. Дзякуючы дзецям і іх педагогам, дарослыя, якія прыйшлі на мерапрыемства, сустрэліся з вядомымі з дзяцінства казачнымі персанажамі і на некалькі хвілін адчулі сябе маленькімі. У свет казак прысутных запрасілі любімыя героі з Прастаквашына: Шарык, кот Матроскін і паштальён Печкін. Каларыту дабавілі дзіцячыя песні, танцы і жарты.

Дарослым удалося на ўсе сто стварыць дзецям святочны настрой, а дзецям, у сваю чаргу, парадаваць іх. 

Таццяна  ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *