В ОАО «Торгуны» Докшицкого района уборка началась с рапса

IMG_3668

Ля вёскі Бераспонне ААТ “Таргуны” чатыры камбайны, нібы нябесныя волаты, штурмавалі ўзвышша. Ішло жніво азімага рапсу. Зверху ўніз адзін за адным то паднімаліся, то апускаліся зернеўборачныя камбайны, абсталяваныя спецыяльнымі прыстаўкамі. У нядзелю распачалася чарговая сельскагаспадарчая кампанія, якая падводзіць вынікі працы ўсёй работы аграрнікаў. Галоўны аграном таварыства Аляксей Каротчык расказвае:

– Пачалі жніво выбарачным шляхам. Справа ў тым, што паспяванне рапсу ідзе нераўнамерна. На нізкіх участках, дзе зямлі хапіла вільгаці (вядома, снегу сёлета было мала), культура выйшла з зімы моцнай і хутчэй пайшла ў рост. Як заканамернасць, паспела раней. А на ўзгорках, дзе рост запавольваўся, зерне яшчэ не паспела і ўборку там будзем весці пазней.

У “Таргунах” азімы рапс пасеяны на 452 гектарах. Запланавана ўбраць яго васьмю камбайнамі. Аднак адразу пусцілі ў дзеянне толькі чатыры – тыя, якія былі першымі падрыхтаваны да работы. На іх працуюць Аляксандр Аксючыц, Сяргей Гмырак, Андрэй Маскалёнак і Уладзімір Савульскі. Механізатары вопытныя, за плячамі ў іх не адна тысяча тон намалочанага зерня. З маладых толькі Маскалёнак, які працуе механікам, але другі год запар просіцца на камбайн, бо вельмі любіць гэту работу. Стараецца, імкнецца ні ў чым не адстаць ад старэйшых.

Па словах галоўнага агранома, першыя ўчасткі рапсу не далі багатага ўраджаю. З кожнага з васьмі гектараў, што зжалі ў нядзелю, сабралі па 10 цэнтнераў зерня. Бясспрэчна, што гэта нямнога, але калі выразіць у грашовым эквіваленце, то пры рэалізацыі атрымаюць столькі, колькі б даў гектар збожжавых. Сёлета аплата за зерне рапсу будзе залежыць ад наяўнасці ў ім алейнага кампаненту. А 100 гектараў, якія пасеялі ў “Таргунах” гібрыдамі, дасць менавіта гэты станоўчы эфект.

На сёлетняй уборцы будзе задзейнічана 16 камбайнаў. Яны да работы практычна гатовы, не лічачы невялікіх недахопаў. Механізатары імкнуцца хутчэй уключыцца ў работу. Той, хто паспрабаваў гэтага хлеба, як магнітам цягнецца ў поле.
— Звярніце ўвагу на гэты ўчастак, — радасна працягвае аграном. — Пятнаццаць гектараў абмалацілі практычна за 40 хвілін. Працуюць без перапынку. Ведаюць важнасць справы, ды і зарабіць хочуць. Упэўнены, калі будзе спрыяць надвор’е, то з планам уборкі справімся ў адведзены тэрмін. Хаця без праблем працаваць не даводзіцца. На 16 камбайнаў прыпадае 12 машын, якія будуць перавозіць зерне з поля на ток. Летась была такая ж карціна, а таму па дамоўленасці прыцягвалі да работы іншую тэхніку ад уласнікаў. Тое ж самае плануем і сёлета.
Ачышальна-сушыльная гаспадарка да прыняцця зерня гатова. Трэба аддаць належнае, што інжынерная служба на чале з Сяргеем Гушчыкам з адказнасцю ставіцца да пастаўленых перад ёй задач. Пакуль загрузілі зернем толькі лідскі комплекс на 80 тон, а пры патрэбе будуць працаваць усе 4 сушылкі.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: на разгрузцы рапсу (справа налева) камбайнер Андрэй Маскалёнак і вадзіцель “МАЗа” Анатоль Трус.
Фота А. Варанковіча
.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *