13255 шагов в день, или Как почтальона ноги кормят

IMG_9063Не ведаю, як вы, а я штодня правяраю сваю паштовую скрыню з надзеяй знайсці там паштоўку. Калі ж атрымліваю ліст, прытанцоўваю, успамінаючы прыкмету, і з нецярплівасцю чытаю, адкуль прыйшло прывітанне. Скажаце, што ў наш час камп’ютарызацыі атрымліваць лісты не модна. Затое вельмі прыемна!
– Канечне, лістоў зараз дасылаюць менш, чым, напрыклад, дваццаць гадоў таму, – расказвае знаёмы паштальён Людміла. – Але нашымі паслугамі карыстаюцца не менш, і сумка бывае нават цяжэйшая, чым у тыя гады, калі не было мабільных тэлефонаў і Інтэрнэта.
Каб бліжэй пазнаёміцца з буднямі паштальёна, вырашыла на сваіх плячах узважыць сумку з карэспандэнцыяй і вымераць колькасць зробленых за дзень крокаў.
– Чакаю цябе ў 7 гадзін раніцы ў аддзяленні паштовай сувязі. Толькі не забудзься пра зручны абутак, – папярэдзіла Людміла.
Падняцца раней асабіста для мяне не выклікае ніякіх цяжкасцей, а таму роўна ў вызначаны час я была на пошце. У аддзяленні ва ўсю кіпела работа: машына з поштай звычайна прыходзіць у шэсць гадзін, каб разабраць карэспандэнцыю, трэба было прыспешыцца. Сарціроўшчык газет Алена Курэц і яе памочніца Ганна Жарына моўчкі рабілі сваю справу (здымак 1): трэба ўправіцца да васьмі гадзін. Тут жа цукрам, мукой, крупамі, напіткамі і шмат чым іншым загружаюцца паштовыя аўтамабілі: сёння РУП “Белпошта” актыўна займаецца продажам розных тавараў абанентам. Першая машына адправілася ў Бягомль, тут жа пад’ехала другая.
Пяць паштальёнаў разносяць пошту менавіта ў райцэнтры. Знаёмлюся з імі: самыя старэйшыя работнікі – Марына Каляга і Аксана Драгун, крыху меншы стаж у Людмілы Зімніцкай і Веранікі Дрокінай. Алена Будзько прыйшла ў паштальёны пяць гадоў таму. На механізаванай дастаўцы абслугоўвае горад і блізкія да яго вёскі Кацярына Качан. У сваім невялічкім кабінеце жанчыны рухаюцца па звыклым маршруце, таму, каб не перашкаджаць, вярнулася на сарціроўку. Пятнаццаць хвілін перабору газет – і рукі ад друкарскай фарбы становяцца чорнымі. А калі некалькі гадоў?IMG_9085
– Рукі ў нас не бялюткія, – усміхаецца сарціроўшчыца Алена. – Часам фарба скуру раз’ядае – ніякі крэм не дапамагае. Але ж у кожнай справе ёсць свае нюансы. У нашай – такія.
Паштальёны разбіраюць свае газеты, падпісваюць адрасы. Заўважаю, што ў сумку кладуць частку карэспандэнцыі.
– Усю пошту за адзін раз узяць немагчыма, – удакладняе Людміла. – У кожнага на ўчастку ёсць апорныя пункты (АП), на якія газеты і часопісы дастаўляюцца аўтамабілямі.
Мяне як стажора накіроўваюць да Людмілы Зімніцкай (на здымку 2 справа) – лепшага паштальёна аддзялення. Узважваю сумку – кілаграмаў сем! – і закідваю яе сабе на плячо: правяраць дык правяраць.
На двары + 25˚ С, але добра, што дажджу няма. Хаця на ўсялякі выпадак у заплечніку ляжыць плашч. На пачатку маршруту – райвыканкам, ГЦК, гандлёвая плошча, частка вуліц Піянерскай і Міцкевіча, «Беларусбанк», “Белаграпрамбанк”, будынак роднай рэдакцыі, жылыя двухпавярховікі на вуліцы Ленінскай. Яшчэ і ад цэнтра не адышліся, а плячо ўжо смыліць, і разуцца хочацца – напэўна ўсё ж мазалі натаптала.
– Падпіска ўжо скончылася і пенсіі ўсе раздадзеныя, таму абышлося без прыпынку, – заўважае Людміла.
– Колькі ж так кіламетраў выходзіць на дзень? – пытаюся.
– Дзесьці каля адзінаццаці, – адказвае паштальёнка. – Мы лічылі з дзяўчатамі. Але гэта без уліку таго, што ў кагосьці з абанентаў паштовая скрыня не ля брамкі знаходзіцца, як патрабуюць правілы дастаўкі карэспандэнцыі. Да гэтага трэба яшчэ прыплюсаваць хадзьбу па лесвіцах у шматпавярховіках.
Заўважыла, што пакуль ідзём ад дома да дома, амаль кожны мінак усміхаецца Людміле як добрай знаёмай. Некаторыя прыкмячалі, што калі са стажорам, дык, напэўна, на адпачынак яна збіраецца. Людміла, не спыняючыся, ветліва ўсміхалася кожнаму. Думаю, што менавіта гэтая шчырасць і дапамагае ёй выконваць план па падпісцы.
– У мяне 214 падпісчыкаў толькі раёнкі, – дзеліцца жанчына. – Калі ўвечары доўга не магу заснуць, то пачынаю лічыць сваіх аматараў раённай газеты. Вось так і ўдзень, і ўночы са сваімі абанентамі.
Цікава, але пакуль я выцягвала газету альбо часопіс, Людміла ўжо называла адрас, куды трэба даставіць пошту. Яшчэ адна асаблівасць, якой мяне навучыла прафесіянал сваёй справы, – трэба ведаць, як у тую ці іншую скрыню (некаторыя не зачыняюцца ці зламаныя) закідваць карэспандэнцыю (здымак 3), а калі скрыні няма, у якую частку плота засунуць перыёдыку, каб яна не выпала.
Калі яшчэ збіралася паспрабаваць сябе ў ролі паштальёна, больш за ўсё перажывала за тое, каб не быць пакусанай якім-небудзь сабакам. На шчасце, на маршруце Людмілы такіх чатырохлапых сяброў няма. Хаця ў адным з дамоў на вуліцы Усходняй з цёмнага пад’езда на нас выскачыў скудлачаны кот: па праўдзе кажучы, невядома, хто каго больш спужаўся.
Працоўны дзень у паштальёна па графіку доўжыцца з сямі да пятнаццаці гадзін. Але ж дзень на дзень не прыходзіцца. Падпіска, пенсіі, дастаўка тавараў – невялічкі пералік паслуг, якія ўваходзяць у іх абавязкі. Пасля работы па горадзе, трэба вярнуцца ў аддзяленне сувязі, каб разабраць лісты дакшычан. Я ж так нахадзілася, што ні пра якія паштоўкі ўжо не думала. А вось Людміла з усё той жа прыязнай, як і раніцай, усмешкай працягвала дзяліцца пазітывам.

IMG_9088
– Я працую з людзьмі, якім зусім не патрэбны мой дрэнны настрой. Да кожнага чалавека на сваім участку стараюся знайсці падыход – ад гэтага залежыць многае ў маёй працы, – сцвярджае Людміла і тут жа дадае:
– Нягледзячы на розныя цяжкасці я вельмі люблю сваю работу і ганаруся ёй.
Вярнуўшыся дадому і глянуўшы на сваю паштовую скрыню ля кватэры на другім паверсе, сама сабе паабяцала перавесіць яе ўніз. Так будзе лягчэй паштальёну. Праверыла на сабе.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *