Дружба бывших выпускников Бегомльской СШ Докшицкого района не знает границ

IMG_3255

Для сапраўднай дружбы не існуюць ні адлегласці, ні межы, ні часавыя адрэзкі. Школьнае ж сяброўства – катэгорыя асобная, калі гутарка ідзе пра цэлы клас. Бывае так, што, правучыўшыся разам 10-11 гадоў, вучні так і не становяцца адзіным калектывам, у якім кожнаму хораша, камфортна і цікава, і пасля выпускнога балю кожны ідзе сваёй дарогай, зрэдку і пры выпадку цікавячыся лёсамі былых аднакласнікаў праз трэціх асоб. Бывае, што, здавалася б, вельмі дружных хлопцаў і дзяўчат разводзяць-аддаляюць адлегласць і час, і сустрэчы адбываюцца рэдка, не традыцыйна праз кожныя пяць гадоў, а ўжо ў сталым веку і зусім кануць у лету.
Але ёсць – ёсць! – такія выпускі, для якіх сустрэча з юнацтвам – жыццёвая неабходнасць. Такія аднакласнікі памятаюць дні нараджэння адзін аднаго, ведаюць імёны дзяцей і ўнукаў таварышаў, у курсе значных падзей, што адбываюцца ў жыцці кожнага. У мабільных тэлефонах і тэлефонных кніжках яны запісаны адзін у аднаго, нягледзячы на ўзрост, не Аляксандр Пятровіч і Галіна Іванаўна, напрыклад, а Сашок і Галачка. І калі гэтыя нумары мяняюцца, то кожны паведамляе пра гэта не толькі радні і саслужыўцам, але і былым аднакласнікам. Абавязкова. Каб не страціць сувязь, “не выпасці з абоймы”.
Менавіта такія аднакласнікі, выпускнікі Бягомльскай сярэдняй школы (на здымку), сабраліся нядаўна ў музеі Народнай славы, у памяшканні якога раней была школа. Адтуль яны разляцеліся па свеце пяцьдзясят гадоў таму! Разляцеліся, ды не раз’ядналіся. І знаходзілі, знаходзяць час і магчымасці для сустрэч на працягу паўвека.
Адзін з арганізатараў і заўсёднікаў гэтых сустрэч, Уладзімір Іванавіч Пусташыла, лёс якога аказаўся звязаным з Докшыччынай, распавядае:
– З нашага 11″Б» выпусцілася дваццаць восем чалавек. Практычна з кожным падтрымліваецца сувязь. На гэты раз нас сабралася пятнаццаць, праўда, пяцёра з паралельнага класа “А”. Пабывалі ў музеі, наведаліся на могілкі, дзе ўсклалі кветкі ў памяць тых, хто ўжо пакінуў нашы рады, – аднакласнікаў, першай настаўніцы Анастасіі Ігнацьеўны Скакун, класнага кіраўніка Паліны Іванаўны Салаўёвай. Вядома ж, пасядзелі ў кафэ, дзе не маглі нагаварыцца: дзяліліся навінамі, падзеямі ў жыцці, успаміналі школьныя гады і сябе саміх, маладых, няўрымслівых… Ведаеце, нас аб’ядноўвае тое, што мы стараемся не здавацца гадам. Многія з выпуску яшчэ працуюць, маюць цікавыя захапленні. “Старость меня дома не застанет” – гэта пра наш выпуск. Вельмі радуе тое, што, нягледзячы на шырокую “геаграфію” нашых месцажыхарстваў, – не на дзясяткі і сотні, а на тысячы кіламетраў “адляцеліся” некаторыя – тэлефануем адзін аднаму, збіраемся, не трацім сувязі.
Што тут дадаць? Застаецца толькі пажадаць аднакласнікам, якія пранеслі сваё школьнае сяброўства праз гады, каб гэта іх сустрэча была далёка не апошняй.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *