Докшицкий район объединила жажда скорости (+ ФОТО)

У мінулыя выхадныя ў райцэнтры адбыліся адкрытыя асабіста-камандныя спаборніцтвы па картынгу, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

IMG_6070Будзільнікам для гараджан у суботнюю раніцу стаў роў матораў. Нават дождж не стаў перашкодай для аматараў хуткасці з розных куткоў нашай краіны. Сёлета на мерапрыемства, якое даўно стала традыцыйным, з’ехаліся гоншчыкі з Мінска і Віцебска, Оршы і Полацка, Наваполацка і Глыбокага, Лепеля і Вілейкі. Не звяртаючы ўвагі на лужы, гоншчыкі заводзілі свае аўтамабілі і праводзілі іх тэхнічны агляд.
– Дождж для нас не перашкода, – усміхаліся яны. – Мы спаборнічаем у рознае надвор’е: “пераабуваем” машыну – і на трасу! Каб толькі што адно было: ці вільготна, ці суха.
Не адзін месяц рыхтавалася да спаборніцтва каманда Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якую прадставілі Аляксей Каляга, Канстанцін Стадольнік, Раман Машкевіч, Анатолій Шпец, Данііл Уліцкі, Вячаслаў Нагурный і Максім Чымпой. Большасць з іх на мерапрыемстве з падтрымкай бацькоў.
– Наш сын удзельнічае ў спаборніцтвах другі год, – дзеліцца сям’я Нагурных. – Гоначны спорт – спорт вялікіх хуткасцей, які патрабуе ад спартсменаў не толькі ведання тэхнікі і спецыяльных навыкаў кіравання, але і працавітасці, смеласці, рашучасці і майстэрства. Усё гэта мы стараемся развіць у сыне, не так даўно набылі для яго спецыяльны гоначны матацыкл. Вельмі рады, што Вячаслаў з карысцю праводзіць час.
Пасля афіцыйных трэніровак і кантрольных заездаў каманды пастроіліся на ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў. Добрага старту і паспяховага фінішу пажадала спартсменам намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. На тое, што гоншчыкаў, якія сабраліся на мерапрыемстве, аб’яднае прага да хуткасці, звярнуў увагу ў сваім прывітальным слове старшыня Глыбоцкага рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання ДТСААФ Максім Алексін. Ён пажадаў спартсменам перамагчы не толькі сапернікаў, але і сябе, паставіўшы новыя асабістыя рэкорды.
– Змагайцеся сумленна, перамагайце прыгожа, а калі прайграеце, то годна, – звярнуўся да ўдзельнікаў галоўны суддзя спаборніцтва Мікалай Стадольнік. Ён падзякаваў за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства кіраўніцтву раёна, міліцыі, ДАІ, камунальнай службе і ЦРБ. Падняць сцяг і тым самым распачаць гонкі было даручана гаспадарам мерапрыемства – докшыцкай камандзе. З музычнымі падарункамі для ўсіх прысутных выступілі ўзорная вакальная студыя “Тоніка” і харэаграфічны калектыў “Сюрпрыз” раённага ЦДіМ.

Усе на старт

І вось на старце першыя ўдзельнікі: клас “Малыш”. Побач з двума полацкімі хлопчыкамі на карце выступала адзіная дзяўчынка на спаборніцтвах – Аляксандра Лымарова з Лепеля. Пра асаблівасці заездаў падчас гонак прысутным расказваў Сяргей Шчалкуноў. Ён жа прадстаўляў удзельнікаў спаборніцтва ў кожным класе. Нязменным атрыбутам журы на мерапрыемстве былі… парасоны: калі ў мінулыя гады трэба было хавацца ад ліпеньскай спякоты, то сёлета іх выкарыстоўвалі ў прамым прызначэнні: ад дажджу. Не пужала надвор’е і шматлікіх балельшчыкаў. Для іх, а таксама для ўдзельнікаў гонак, працавала гандлёвая палатка райста. Асабліва шмат сярод гледачоў было малечы: кожны хацеў пасядзець у хуткаснай машынцы ці прымерыць шлем.
– Прабачце, але нельга, – адмаўлялі гоншчыкі. – У нас ёсць свае забабоны. Пасля фінішу падыходзьце!
Гоншчыкі – народ рызыкоўны, а таму падчас заездаў публіка і войкала, і заплюшчвала вочы, калі здараліся нечаканыя непрыемнасці. Некаторыя картынгісты за сваё небяспечнае кіраванне атрымлівалі папярэджанні. Суперажывалі гледачы тым, каму перамагчы перашкодзілі тэхнічныя абставіны. Трэба было бачыць, з якой прагнасцю ішоў да фінішу дакшычанін Косця Стадольнік. Нават невялікая аварыя, падчас якой ад яго машыны адваліліся дэталі, не спыніла яго на шляху да зададзенай мэты.
Пасля двух заездаў журы адправілася падлічваць агульныя балы. І вось яны, пераможцы спаборніцтваў па картынгу:
Клас “Малыш”:
Аляксандра Лымарова (Лепель) – 3 месца;
Ягор Панфілаў (Полацк-2) – 2 месца;
Арцём Яфіменка (Полацк-1) – 1 месца.
Клас “Папулярны”:
Канстанцін Стадольнік (Докшыцы) – 3 месца;
Раман Машкевіч (Докшыцы) – 2 месца;
Дзмітрый Мішута (Полацк-1) – 1 месца.
Клас “Міні”:
Даніла Чалаў (Віцебск) – 3 месца;
Фелікс Макарэвіч (Орша) – 2 месца;
Юрый Лядніцкі (Полацк-1) – 1 месца.
Клас “Формула”:
Арцём Кунько (Полацк-3) – 2 месца;
Раман Рудак (Полацк-2) – 1 месца.
Клас “Нацыянал”:
Андрэй Рагун (Вілейка) – 3 месца;
Сяргей Ясюк (Наваполацк) – 2 месца;
Аляксей Дзямко (Лепель) – 1 месца.
Клас “Формула-250”:
Вадзім Рэут (Мінск) – 3 месца;
Уладзіслаў Сухалёнак (Полацк-3) – 2 месца;
Мікіта Яцкевіч (Полацк-1) – 1 месца.
Клас “Ф-125”:
Сяргей Яфіменка (Полацк-3) – 3 месца;
Антон Сурмін (Віцебск) – 2 месца;
Максім Чымпой (Докшыцы) – 1 месца.
Вельмі прыемна, што ў камандным заліку докшыцкія картынгісты заваявалі прызавое другое месца, дарэчы, як і ў мінулым годзе. Першае і трэцяе – у каманд з Полацка. Усе пераможцы атрымалі граматы, медалі, кубкі і памятныя падарункі.
Віншуем пераможцаў!

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.
[nggallery id=126]

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *