Докшицкое ОГАИ проводит акцию «Остановим беду вместе!»

З 25 па 31 ліпеня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць рэспубліканскую акцыю “Спынім бяду разам!” Яе мэта – не дапусціць дарожна-транспартных здарэнняў па віне кіроўцаў, веласіпедыстаў і пешаходаў, якія знаходзяцца ў нецвярозым стане.

Па інфармацыі аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ аблвыканкама за першае паўгоддзе да адказнасці былі прыцягнуты 1538 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, з іх 77 вадзіцеляў селі п’янымі за руль паўторна на працягу года. Па віне нецвярозых кіроўцаў адбылося 27 аварый. У параўнанні з мінулым годам у цэлым па вобласці назіраецца зніжэнне колькасці фактаў кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.

За шэсць месяцаў бягучага года ў нашым раёне сесці п’янымі за руль дазволілі сабе 40 чалавек, двое зрабілі гэта паўторна. Вадзіцеляў у стане алкагольнага ап’янення пазбаўляюць права кіравання аўтамабілем на тры гады. Штраф за дадзенае парушэнне складае ад 50 да 100 базавых велічынь. Сёлета на Докшыччыне былі затрыманы 127 веласіпедыстаў і пешаходаў, якія, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення парушалі правілы дарожнага руху. Сума грашовага пакарання для гэтай катэгорыі грамадзян знаходзіцца ў межах ад 3 да 5 базавых.

Дзяржаўтаінспекцыя заклікае ўсіх нас не быць абыякавымі ў выпадку, калі убачылі, што нецвярозы чалавек садзіцца за руль і збіраецца ехаць. Паведамляць пра такія факты неабходна па тэлефоне 102. Кошт званка – чалавечае жыццё.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *