“Моладзь. Dokshitsy.by” (+ ФОТО)

У мінулую пятніцу пад такой назвай у райцэнтры прайшла квэст­-гульня, удзельнікамі якой сталі юнакі і дзяўчаты з розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Крэатыўнае мерапрыемства, якое карыстаецца папулярнасцю ў докшыцкай моладзі, было прымеркавана да Дня Незалежнасці.

IMG_5424
Удзельнікі разбіліся на дзве каманды. Прыспешваючы адна другую, яны шукалі ў райцэнтры зададзеныя кропкі, дзе выконвалі розныя заданні. Напрыклад, на возеры паспрабавалі сябе ў ролі артыстаў і “выступілі” на сцэне летняга амфітэатра, пасля чаго за наступным заданнем адправіліся на катамаране да рыбакоў, якія вудзілі далёка ад берага. У гарадскім парку па вуліцы Гайдара моладзь садзіла дрэўцы, на стадыёне дабіваліся сваіх спартыўных рэкордаў, а ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях спрабавалі сябе ў ролі выратавальнікаў, перакантоўваючы пажарныя рукавы. Тое, што наступны прыпынак для выканання задання ў горадзе – райваенкамат, гульцы зразумелі, атрымаўшы падказку: “Калі кліча Радзіма”. У камісарыяце давялося прымерыць ваенную форму і процівагаз. Ля ГЦК удзельнікаў квэст-гульні чакала новае заданне: сабраць на плошчы дзесяць мінакоў і разам з імі патанцаваць. Камандзе “зялёных” падчас праходжання гэтага задання пашчасціла: гараджане вярталіся з працы дадому, і таму на вуліцы было шматлюдна. Як ні дзіўна, але народ практычна адразу згаджаўся дапамагчы маладым людзям, нават не распытваючы, што трэба рабіць. А потым з задавальненнем танчылі пад вясёлую завадную песню. Флэшмоб аказаўся ўсё ж такі самым прыемным выпрабаваннем. Фінішным пунктам стала ККЗ “Іскра”, адкуль, дарэчы, і пачынаўся маршрут. Удзельнікі каманды перавялі дух і адпачылі, пакуль у наступным заданні расфарбоўвалі герб нашага горада.
– Удзельнічаў у квэсце ўпершыню і застаўся вельмі задаволены, – падзяліўся ўражаннямі Арцём Стадольнік. – Усе мы зарадзіліся добрымі эмоцыямі і праверылі сваю фізічную падрыхтоўку. Асабліва спадабаліся ўзаемная падтрымка і зладжаная работа ўсіх членаў каманды, дарэчы, некаторыя з нас толькі пазнаёміліся.
Квэст-гульня завяршылася перамогай “сініх”, якія ў падарунак атрымалі сертыфікаты-запрашэнні на бліжэйшую рэтра-вечарыну. Не з пустымі рукамі пайшлі з мерапрыемства і “зялёныя” – яны былі ўзнагароджаны невялічкімі прызамі на памяць ад арганізатараў свята – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

[nggallery id=124]

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *