Поляки в гостях у докшичан

Амаль тыдзень у нашым раёне знаходзіліся і працавалі валанцёры польскай арганізацыі “Fundacja Niepodległości” з Любліна. Прыняў гасцей на сваёй сядзібе ў аграгарадку Барсукі фермер Юзэф Касцюк. Сярод пятнаццаці валанцёраў, якія прыехалі ў Беларусь, – палова дарослых, другая частка – падлеткі.

IMG_7036 IMG_7029

У адзін з вечароў была арганізавана сустрэча польскай моладзі з падлеткамі нашага раёна, якіх суправаджалі першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук і метадыст па турызме ФСК “Ураджай” Ірына Сабалеўская.
Напачатку сустрэчы член савета арганізацыі Яцэк Буры, які з’яўляецца школьным выкладчыкам, распавёў пра асноўныя мэты “Fundacja Niepodległości”. Ён адзначыў, што гэта арганізацыя, якая асноўнай сваёй задачай бачыць захаванне для будучых пакаленняў гістарычнай спадчыны. У розных населеных пунктах Польшчы існуюць мясцовыя аддзяленні, куды падлеткі могуць прыходзіць пасля заняткаў у школе. Яны вывучаюць гісторыю, удзельнічаюць у распрацоўцы валанцёрскіх праектаў, якія накіраваны на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Польшчы.
Адным з накірункаў работы з’яўляецца добраўпарадкаванне польскіх пахаванняў, у тым ліку і ў іншых краінах. Адзначана, што паважлівыя адносіны да продкаў дапамагаюць выхоўваць з падлеткаў годных патрыётаў краю. На працягу васьмі гадоў валанцёры “Fundacja Niepodległości” наведваюць рэгіён Валынь, які знаходзіцца на паўночным захадзе Украіны. Мяркуючы па здымках і відэаматэрыялах, якія валанцёры дэманстравалі падчас сустрэчы, стан польскіх пахаванняў у гэтай мясцовасці, мякка кажучы, нездавальняючы: высачэннае быллё, вандалізм. Удзельнікі арганізацыі прыязджаюць з уласным інвентаром, касілкамі, інструментам, фарбай. Косяць, чысцяць, наводзяць парадак. І так пагост за пагостам з году ў год.
У Беларусь члены арганізацыі прыехалі ўпершыню. І, па іх жа прызнанні, былі шчыра ўзрадаваны і здзіўлены тым добрым станам, у якім знаходзяцца польскія пахаванні ў нашым раёне. Канечне, гэтыя месцы ўвесь час патрабуюць догляду, але ў цэлым карціна аптымістычная. Толькі гэта не значыць, што валанцёры сядзелі без работы: яны падкасілі траву каля даўніх магілак на польскіх пахаваннях у райцэнтры, пачысцілі помнікі, падфарбавалі. Папрацавалі на добраўпарадкаванні пахаванняў палякаў у іншых населеных пунктах раёна, з’ездзілі з гэтай жа місіяй у суседнюю Глыбоччыну. Напрыканцы візіту гасцей у Беларусь а. Юрый Бараўнёў арганізаваў для іх экскурсійную паездку з наведваннем Будслаўскай святыні.
…Пасля першай моўнай няёмкасці, якая была паміж польскімі і беларускімі дзецьмі, пакрысе пачалося наладжавацца паразуменне. Яны пыталіся адзін у аднаго пра навучанне ў школе і сістэму ацэнкі ведаў, пра справы, пад якія адны і другія адводзяць вакацыі, любімыя кінастужкі і камп’ютарныя гульні. Напрыклад, госці распавялі, што, каб быць членам арганізацыі “Fundacja Niepodległości”, трэба добра вучыцца ў школе, бо з дрэннай паспяховасцю падлеткаў наўрад ці возьмуць у чарговы валанцёрскі выезд. Але гэта не азначае, што вучням са слабым веданнем якога-небудзь прадмета ўваход у арганізацыю забаронены. Наадварот, над ім апякуецца дарослы, які дапамагае падцягнуць веды, скажам, па матэматыцы. Распрацоўка і ўкараненне адукацыйных праграм, якія адаптаваны да выяўлення схільнасцей да таго ці іншага прадмета навучэнцаў, – таксама адна з задач, якія прапісаны ў статуце арганізацыі.
Затым усіх удзельнікаў сустрэчы аб’яднала сумесная вячэра.
Вялікія намаганні для арганізацыі дзейнасці валанцёраў у Беларусі прыклала Пасольства Польшчы. Яцэк Буры выказаў упэўненасць, што сёлетняя паездка будзе не апошняй. І, магчыма, у межах міжнароднага супрацоўніцтва будзе падрыхтаваны сумесны моладзевы праект для арганізацыі сустрэчы з беларускімі падлеткамі, але ўжо на тэрыторыі Польскай Рэспублікі.

НА ЗДЫМКАХ: пасля першай няёмкасці падлеткаў аб’яднала сумесная вячэра і фота на памяць.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Один комментарий для “Поляки в гостях у докшичан

  • 23.07.2016 в 8:56 пп
    Permalink

    pozdrawiamy 😉

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *