Рапс жнут в Докшицком районе

IMG_6957У пяці гаспадарках раёна зараз поўным ходам ідзе ўборка азімага рапсу. У ААТ “Таргуны”, куды мы наведаліся ў сераду, жалі рапс ажно пяць камбайнаў. Камбайнеры Алег Варанковіч, Аляксандр Аксючыц, Юрый Малюжанец і Уладзімір Сайковіч “змагаліся” на рапсавым полі ўжо трэці дзень. Першы дзень працавалі Алег Радзевіч з памочнікам Дзімам Чэрнышам. З адвозкай паспяхова спраўляліся Валерый Стальмакоў, Анатоль Трус і Віктар Раткевіч. Галоўны аграном Аляксей Каротчык уздыхае:
– Тэхніка спраўная, камбайны наладжаны як мае быць: герметызацыя зернеўборачнай тэхнікі праведзена загадзя, рэгуліроўка зазораў у барабанах, настройка вентылятараў зроблена. Механізатары адказныя і працавітыя. Ураджайнасць нядрэнная – у сярэднім 17 цэнтнераў з гектара. Рапс – культура капрызная, увагі да сябе патрабуе немалой. З яго сушкай таксама нельга марудзіць, бо ўжо гадзін праз 5-6 зерне, якое не пачалі сушыць, акісляецца. І такі рапс пойдзе на продаж не як харчовая, а як тэхнічная культура. А гэта значная розніца ў цане. Таму хочацца, каб увесь працэс быў адладжаны і ішоў хуткімі тэмпамі. Вось каб хоць крыху пастаялі сонечныя дзянькі – да канца тыдня лёгка ўправіліся б.
Як распавялі Алег Радзевіч і Валерый Стальмакоў, бункер камбайна напаўняецца зярняткамі каштоўнай маслянічнай культуры прыкладна хвілін за сорак, а адвозіцца за адзін рэйс дзесьці васямнаццаць тон.
Высокая ўраджайнасць рапсу сёлета ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ААТ “Барсучанка” – 29 цэнтнераў з гектара. Праўда, па стане на 22 ліпеня ў першай з названых гаспадарак скошана ўжо 194 гектары, а ў другой пакуль толькі 10. У ДП “Гняздзілава-Агра” і ДП “АграСітцы” ўраджайнасць гэтай культуры невысокая – 10 і 7,9 цэнтнера з гектара адпаведна. Усяго ж па раёне ўжо намалочана 1042 тоны рапсу, скошана 488 гектараў, а сярэдняя ўраджайнасць складае 21,4 цэнтнера з гектара.
Намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па раслінаводстве Людміла Бальчэўская паведаміла, што неспрыяльныя кліматычныя ўмовы не дазволілі спраўдзіцца спадзяванням працаўнікоў гаспадарак на добры ўраджай азімага рапсу і, як вынік, на прыбытак ад яго рэалізацыі. З засеяных увосень па раёне 2292 гектараў з зімы не выйшлі ўсходы на 1370 гектарах. У дадатак да ўсяго 556 гектараў моцна пашкодзіла градам, з іх больш за палову, 291 гектар, – у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Безумоўна, балюча, калі прыроднай стыхіяй нішчыцца тое, што агульнымі намаганнямі, карпатлівай працай стваралася не адзін дзень. І крыўдна, што нават у нашым ХХІ стагоддзі з яго развітымі, прагрэсіўнымі тэхналогіямі існуюць яшчэ такія фактары, на якія чалавек не ў стане паўплываць.

Закладка сенажу ў гаспадарках раёна практычна падышла да завяршэння. Найвышэйшы паказчык нарыхтоўкі кармоў на ўмоўную галаву жывёлы ў ААТ “Замастачанскае” – 17,29 цэнтнера кармавых адзінак, што перавышае мінулагодні на 4,54 ц.к.адз. Практычна аднолькавы гэты паказчык у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і КУСГП імя Чэрныша – 14,24 і 14,23 ц.к.адз. адпаведна. Толькі варта адзначыць, што ў аграсэрвісе нарыхтавалі крыху больш, чым у 2015 годзе, а ў Чэрныша – крыху менш. 15,11 кармавых адзінак на ўмоўную галаву нарыхтавалі ў КУП “Докшыцкі”, 13,86 – у ААТ “Барсучанка”. 13,01 ц.к.адз. на ўмоўную галаву – такі паказчык сёлета ў СГФ “Бягомльскі”, і ён меншы за мінулагодні на 4,69. “Мінусуюць”, і значна, таксама ДП “Гняздзілава-Агра” і ДП “АграБераснёўка”. ДП “АграСітцы” ж сёлета свой паказчык павысіла – 12,07 ц.к.адз. на ўмоўную галаву жывёлы складае ён па стане на 22 ліпеня. Сярэдні паказчык па раёне – 12,17 ц.к.адз., што на 0,8 ц.к.адз. больш, чым за папярэдні год.
Вось-вось пачнецца самы адказны перыяд у коле сельскагаспадарчых работ – уборка ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Будзем спадзявацца, што надвор’е ўрэшце рэшт пачне спрыяць хлебаробам: на змену дажджлівым, амаль восеньскім дням, прыйдуць сонечныя, гарачыя, па-сапраўднаму жнівеньскія.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *