Стал известен победитель Докшицкого районного конкурса на лучший логотип «Фестиваля двух рек»

У жніўні Докшыцы рыхтуюцца правесці “Фестываль дзвюх рэк” – свята сяброўства і творчасці. Мерапрыемства прэтэндуе стаць культурным брэндам Докшыччыны, што сімвалічна ў аб’яўлены Год культуры. 

IMG_5855

Прататыпам фестывалю з’яўляюцца рэкі Вілія і Бярэзіна, якія бяруць пачатак у нашым раёне. Менавіта яны сталі асноўнымі элементамі ў эскізах лагатыпаў, на выкананне якіх аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аб’явіў конкурс на пачатку года. Паўдзельнічаць у ім маглі ўсе ахвотныя дакшычане. Усяго было прадстаўлена 14 работ. Шляхам галасавання на сайце раённай газеты, а таксама ў сацыяльных сетках вылучаліся самыя крэатыўныя, творчыя эскізы. Канчатковае слова было за конкурснай камісіяй. І вось вынікі падведзены. У пераможцы вылучана эмблема, аўтарам якой з’яўляецца Віялета Мацюшонак (на здымку).
Прыгожую, эфектную дзяўчыну апошнім часам часта можна сустрэць у ролі вядучай розных раённых мерапрыемстваў. Віялета скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці культуралогія і сацыякультурная дзейнасць. Зараз яна працуе намеснікам дырэктара Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці.
– Ідэя паўдзельнічаць у конкурсе прыйшла падчас распрацоўкі ўмоў яго правядзення, – дзеліцца Віялета. – Рэалізаваць планы перашкаджала тое, што я не ўмею маляваць. Увасобіць мару дапамог даўні сябра, які ў графічным рэдактары выканаў задуманы мною лагатып. За гэта яму вялікі дзякуй. Уся мая сям’я сачыла за галасаваннем у сацсетках. Па праўдзе кажучы, я не верыла ў перамогу.
Галоўны вобраз на лагатыпе – лебедзь як сімвал вернасці і адданасці. Вядома, што гэтыя птушкі ўтвараюць пару на ўсё жыццё. Калі адна з іх неўзабаве памірае, другая кідаецца ўніз з вышыні і разбіваецца. Таму лебедзь з’яўляецца знакам вернага кахання і неразлучнасці. Паднятыя крылы птушкі на лагатыпе сімвалізуюць дзве ракі. Іншыя элементы падкрэсліваюць творчы накірунак фестывалю. Дарэчы, у Старажытнай Грэцыі лебедзь быў атрыбутам багіні кахання і прыгажосці Афрадыты, а таксама бога паэзіі і музыкі Апалона. Яшчэ адной падставай для выкарыстання ў эмблеме лебедзя стала масавасць гэтых птушак сёлетняй вясной на нашым возеры.
Лагатып фестывалю будзе выкарыстаны ў якасці афіцыйных атрыбутаў для інфармацыйных і рэкламных мэтаў у сферы развіцця турызму, а таксама ўпрыгожыць сувенірную прадукцыю сацыякультурнага праекта “Фестываль дзвюх рэк”.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *