В Докшицах отпраздновали День любви, семьи и верности

Вельмі цёплым, пранікнёным, добрым і чулым атрымалася мерапрыемства, якое падрыхтавала дзіцячая бібліятэка да Дня памяці заступнікаў сям’і і шлюбу Святых Пятра і Фяўроніі. На пачатку – знаёмства з гісторыяй жыцця мужа і жонкі, якую прысутным расказалі вядучыя святочнай праграмы Васіліса Гушчык і Кірыл Гамановіч.

 

IMG_6511 IMG_6474
Не абышлося мерапрыемства і без ганаровых гасцей, сярод якіх былі намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы благачынны протаіерэй Георгій Мялешка з матушкай Тамарай. Прысутныя пазнаёміліся з прадстаўнікамі са шматдзетных сем’яў, якіх запрасілі на свята, каб падзяліцца сваімі сакрэтамі сямейнага жыцця.
– На маю думку, сям’я трымаецца ў першую чаргу на даверы, – прыкмеціла маці траіх сыноў Таісія Кухто. – З мужам Мікалаем мы побач амаль дваццаць гадоў. Узаемнае каханне, павага, вернасць, пяшчота – тыя пачуцці, якія з’яўляюцца ахоўнікамі нашага шлюбу.
На ўзаемапаразуменні будуюць сваю сямейную крэпасць Пётр і Алена Касцюкі, бацькі чатырох дзетак.
Слёзы замілавання выклікалі творчыя нумары выхаванцаў нядзельнай школы: праз добрыя, душэўныя песні яны дзяліліся з кожным гледачом шчырасцю сваіх сэрцаў і такія ж пачуцці атрымлівалі ўзамен. Малеча праз тэатральную пастаноўку прымусіла прысутных задумацца над сэнсам слова “каханне”. Хлопчыкі, быццам на кірмашы, прадавалі “Каханне, калі…”, “Каханне, таму што…”, “Каханне, і кропка!” Тут жа дыктар за сцэнай тлумачыў сэнс кожнай прапановы, пасля чаго ўсе сышліся на тым, што каханне павінна быць проста каханнем, без усялякіх дадатковых слоў.
Тое, што дзеці змаглі раскрыць самае глыбокае значэнне вялікага пачуцця, у сваёй прамове падкрэсліў айцец Георгій. Ён пажадаў усім сем’ям – і маладым, і са шматгадовым стажам – сумеснага жыцця і проста кахаць. І самае галоўнае – быць добрым прыкладам для сваіх дзяцей, саграваць усё наўкола цеплынёй сэрцаў.
Прыемнай нечаканасцю для многіх гледачоў стала слайд-шоу з сямейных фотаздымкаў, якія дэманстраваліся на экране падчас выступлення дзетак (здымак 1).
Напрыканцы сустрэчы кожны атрымаў букеты з рамонкаў – сімвалаў кахання, сям’і і вернасці. Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы Міжнароднага грантавага конкурсу “Праваслаўная ініцыятыва 2015-2016”, дзякуючы якому прысутныя атрымалі кнігі пра жыццё Святых Пятра і Фяўроніі і абразкі, якія стануць для ўсіх каштоўнай штодзённай памяткай.
У фае ГЦК праходзіла выстава-продаж праваслаўнай інтэрнэт-крамы “Свет Фавора”, на якой было шмат прадстаўлена духоўнай літаратуры (здымак 2).
Па легендзе, за некалькі гадоў да княжання Пётр захварэў на праказу. Неяк яму прыснілася, што вылечыць яго зможа толькі дачка пчаляра Фяўронія. Яна вылечыла яго і папрасіла ў якасці ўзнагароды ажаніцца з ёю. Аднак ён не стрымаў слова, бо дзяўчына была з простай сям’і, і хвароба вярнулася зноў. Тады Пётр ажаніўся з Фяўроняю, але сутыкнуўся з супрацьстаяннем баяраў, якія не хацелі прызнаваць княгіню-сялянку і патрабавалі прагнаць яе або пакінуць Мурам разам з ёй. Пётр і Фяўронія пакінулі горад, у якім без іх пачаліся смута, барацьба за прастол і забойствы. Баяры папрасілі князя і княгіню вярнуцца. У далейшым Фяўронія змагла заслужыць любоў і давер гараджан.
Пётр і Фяўронія сталі ўзорам сямейнага кахання і вернасці. Яны жылі доўга і шчасліва і памерлі ў адзін дзень – 8 ліпеня. Іх целы, пакладзеныя паасобку, аказаліся ў адной труне, што палічылі цудам. У XVI стагоддзі Пётр і Фяўронія былі прылічаны да ліку святых і з тых часоў з’яўляюцца праваслаўнымі ахоўнікамі сям’і. Іх мошчы захоўваюцца ў Свята-Троіцкім храме ў Мураме.

Тэкст і фота Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Галерея не выбрана или была удалена.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *