В Докшицком районе встретились ученики Парафьяновской школы спустя 50 лет

IMG_7649Паўвека таму ў вучняў Параф’янаўскай сярэдняй школы адбыўся выпускны баль. Зразумела, не такі шыкоўны, як арганізоўваюць зараз для сучаснай моладзі. Усё было намнога прасцей. 11 гадоў, праведзеных вучнямі ў школе, якую лічылі сваім другім домам, настолькі зблізілі іх, што расставацца было цяжка. Кожны пайшоў сваёй дарогай, многія раз’ехаліся. Аднак ні гады, ні адлегласці не сталі перашкодай для далейшых зносін.
І вось доўгачаканая сустрэча. Аднакласнікі 11 “А”, выпуску 1966 года, доўга паціскалі рукі адзін аднаму, абдымаліся і раз-пораз пыталіся: хто яшчэ не прыехаў? Здавалася, час адвёў стрэлкі гадзінніка назад, і ў гэты дзень яны, быццам на школьным перапынку, стаялі такія бесклапотныя, гарэзлівыя… і адзін за адным усклікалі: “А памятаеце…”
Аляксандр Астапковіч, афіцэр запасу, жыве ў Літве:
– Успамінаю, што наш клас быў самым дружным. Дзяўчаты і хлопцы – усе актыўныя, пастаянна арганізоўвалі вечары, і заўсёды было пра што пагаварыць. Шкада, што нельга вярнуцца ў мінулае. А яшчэ сумна ад таго, што няма ўжо з намі пяцярых аднакласнікаў.
Валянціна Грыгаровіч, інжынер-тэхнолаг, жыве ў Глыбокім:
– Сабралася нас сёння 10 чалавек. Знайшлі час прыехаць нашы хлопцы з Літвы і Расіі, дзяўчаты з Мінска. Усе мы ў нейкай ступені ўжо атрымалі сваё шчасце, стварылі сем’і, выхавалі талковых дзяцей, маем унукаў. Што датычыцца нашага класа, то абсалютна ўсе добра вучыліся, бо хацелі набыць прэстыжную прафесію. Так і атрымалася. Сярод нас толькі прадстаўнікі інтэлігенцыі – медыкі, інжынеры, ваенныя, прафесары. І самае галоўнае – мы не толькі радуемся поспехам адзін аднаго. Калі хто трапляе ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, побач аказваюцца не толькі родныя, а і сапраўдныя сябры. Асабіста мне прыйшлося перанесці аперацыю ў Мінску. Лёгка станавілася, калі адведваць прыходзілі Ліда Цвяцінская, Галя Гуц і Жэня Казлоўская. Дзякуй ім за гэта.
Сувязь у нас з аднакласнікамі моцная, – падкрэслівае Валянціна, трымаючы ў руках сшытак з усімі адрасамі і тэлефонамі школьных сяброў.
Яўген Дзем’янкоў, прафесар, жыве ў Арле:
– Некаторых сваіх аднакласнікаў за 50 гадоў убачыў упершыню. Прыемна даведацца, як склалася іх жыццё. Мяне лёс закінуў у Расію, таму часта бываць у родным Параф’янаве не выпадае. Што засталося ва ўспамінах? Толькі самае дарагое. Акрамя сяброў, вялікая павага да класнага кіраўніка Арсенія Рыгоравіча Вайцяховіча, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Яніны Іванаўны Вайцяховіч, якую мы з нецярплівасцю чакаем на нашай сустрэчы.
Казімір Юргевіч, інжынер-электрык, жыве ў Докшыцах:
– За тыя гады, што не бачыліся з таварышамі, мы ўсе, канечне, памяняліся знешне. Крышачку папаўнелі (ўсміхаецца), пасвятлелі. За плячыма ў кожнага вялікі жыццёвы вопыт. Але душой мы ніколькі не пастарэлі – усё тыя ж параф’янаўскія вучні. Спадзяюся, што сустракацца будзем цяпер кожны год – такія сустрэчы патрэбны кожнаму чалавеку, бо ўсе мы родам з дзяцінства.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *