Про память своей семьи рассказывает Николай Хилько из Докшиц

bez-imeni-1Тэма Вялікай Айчыннай вайны для Беларусі асаблівая, бо практычна няма ў краіне сям’і, якую б яна не закранула. Колькі змянілася пакаленняў, а тая трагедыя не пакрылася пылам забыцця. Пра памяць сваёй сям’і расказвае начальнік вытворчага ўчастка “Энергазбыт” Мікалай Хілько.

– Пра майго тату Іосіфа Хілько, які ваяваў з немцамі ледзь не з першага дня вайны і дажыў амаль да 75 гадоў, казалі, што ён замоўлены. У бабулі было шасцёра дзяцей, расціла яна іх практычна адна, бо дзеда Андрэя забралі праз ноч па даносе аднавяскоўца. Дзядулеў злоснік прыдумаў, што быццам ён перапраўляў праз мяжу бандыта, трэба разумець, што польскага шпіёна, бо наша вёска Бірулі была памежнай. Пасля смерці Сталіна дзед быў, канечне, рэабілітаваны, але нам – унукам – вельмі не хапала яго ў дзяцінстве.

Калі пачалася вайна, тата ў армію не трапіў, не паспеў дабрацца на зборны пункт у Параф’янава, таму разам з іншымі навабранцамі вярнуўся дадому. У 1942 годзе стаў партызанам брыгады імя Мядзведзева. Быў падрыўніком. Падлічыў, што за гады “рэйкавай вайны” падрыхтаваў 830 выбухаў. Узрываў чыгунку, масты. Расказваў, як пасля выбуху рэйкі вагой па 70 кілаграмаў ляцелі ў паветра, скручаныя, як драціна. Калі ўдавалася перапыніць рух цягнікоў з жывой сілай немцаў і тэхнікай на некалькі сутак, партызаны радаваліся, што дапамаглі фронту, магчыма, уратавалі жыццё байцам.

Пасля вызвалення ён уступіў у рады Чырвонай Арміі. Ваяваў у складзе 129 знішчальнага палка. Спачатку быў стралком процітанкавага ружжа. Іх агнявыя кропкі немцы ў час наступлення знішчалі ў першую чаргу. Зрабіць гэта было нескладана, бо два чалавекі з ружжом даўжынёй 2-3 метры ў час стральбы былі, лічы, як на далоні, прыкрыцця ніякага. Таму, калі стаў камандзірам разліку саракапяткі, радаваўся. Гармата, якую лічылі знішчальніцай танкаў, мела хоць і невялікую, але ахову, за якой хаваліся і зараджальшчык, і наводчык.

 

І ўсё ж тата казаў, што на фронце было лягчэй, бо ведаеш, што вораг толькі наперадзе, а ў партызанах ён быў усюды. Кулю чакаць можна было з-за кожнага куста.

 

Пад Кёнігсбергам, які немцы ператварылі ў непрыступную крэпасць, іх батальён 18 разоў адпраўлялі ў тыл для дафарміравання, бо з бою выходзіла толькі па 5-10 чалавек асабістага саставу. Бацька ў адзін з такіх баёў быў цяжка паранены. Атрымаў навылётнае раненне ў грудзі і асколачнае – у руку.

Да шпіталя 70 кіламетраў ішоў пехам. Але страх быў не ў тым, як дайсці, а каб не схапілі асабісты. Так для яго закончылася вайна.

Пасля шпіталя тата вярнуўся ў родныя Бірулі. Прыйшоў з фронту і брат Рыгор, а Міхалка – не дачакаліся. Цётка Юлька, сястра таты, прыехала з Германіі. Разам з ёй, не ведаю, якім чынам, але быў там і стрыечны брат — шасцігадовы Коля. Каб уратаваць малечу, бо немцы адбіралі хлапчукоў для нейкіх сваіх патрэб, яна надзела на яго сукеначку і сказала, што гэта дзяўчынка. Падман адкрыўся толькі дзесьці праз год, калі Коля захварэў. Але немцы ўжо былі не тыя, разумелі, што ім хутка канец, таму пакінулі гэты факт без увагі.

Па лініі маці Зінаіды Мікіцевіч вайна забрала двух дзядзькаў. Мікалай загінуў на фронце, а Сяргей – у партызанах. Было яму толькі 17 гадоў. Група, у складзе якой ён знаходзіўся, напаролася на паліцаяў, калі вярталася з разведкі. Дзядзьку забілі адразу, ён вываліўся з саней, так і ляжаў. Калі ўсё сціхла, бабуля Волька сама яго знайшла і пахавала. Усіх жыхароў вёскі Старына, у тым ліку і маю маму, немцы павыганялі з хат, паставілі ў два рады. Раптам ёй захацелася з таго, у якім стаяла, перайсці ў іншы. Так і зрабіла. І што вы думаеце? З таго, першага, усіх людзей расстралялі.

Заслужаным ветэранам вайны быў і мой цесць Рыгор Дранковіч з Гліннага. Дарэчы, таксама дайшоў да Кёнігсберга, там быў паранены.

У дзяцінстве мы вельмі любілі слухаць аповеды бацькі пра вайну, хаця было гэта вельмі рэдка. Таму даражылі кожным яго словам. Пра вайну ў нашай сям’і ведаюць унукі і ганарацца сваімі роднымі.

Тэкст і фота Тамары Альшэўскай.

 

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *