Докшицкий районный узел электросвязи гарантирует качество услуг

dscn6924У нядзелю работнікі раённага вузла электрычнай сувязі будуць адзначаць сваё прафесійнае свята. Сувязісты раёна заўсёды настойліва працавалі над тым, каб даць магчымасць жыхарам нават у самых аддаленых вёсках карыстацца сродкамі тэлекамунікацый. Іх справа – павышаць эканамічны, сацыяльны і культурны дабрабыт людзей. Напярэдадні прафесійнага свята начальнік РВЭС Віктар Шаўцоў расказаў пра тое, чым зараз жыве калектыў раённага вузла электрасувязі.

– Віктар Васільевіч, ці правільна сёння вашу “каманду” называць адным словам Белтэлекам?

– Мы з’яўляемся структурным падраздзяленнем Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”, у якое ўваходзяць тры асноўныя ўчасткі: лінейна-тэхнічны, станцыйны і транспартны. Нас называюць нацыянальным аператарам электрасувязі Рэспублікі Беларусь, галоўнай задачай якога з’яўляецца якаснае і своечасовае прадастаўленне паслуг. Так, Белтэлекам – гэта адна дружная сям’я, якая складаецца з 45-і чалавек, сярод якіх 80 працэнтаў – спецыялісты высокага ўзроўню.

– З аптымізацыяй праваднога радыё ў вашага прадпрыемства самаліквідавалася функцыя абслугоўвання радыёкропак…

– Два гады таму мы ўшчыльную займаліся рэалізацыяй УКХ-прыёмнікаў. Зараз – іх рамонтам па гарантыі. Час не стаіць на месцы, развіваюцца найноўшыя тэхналогіі, і наш калектыў стараецца ўтрымліваць пазіцыі.

– Раскажыце, якія навінкі прапануеце сваім абанентам?

– Напрыклад, падключэнне абанентаў па тэхналогіі xPON. Прасцей кажучы, гэта калі валаконна-аптычная лінія сувязі прыходзіць у дамы і кватэры і дазваляе карыстальнікам мець зусім іншую якасць паслуг, а менавіта хуткасны інтэрнэт, тэлебачанне ў фармаце HD і тэлефанію. На сённяшні дзень па раёне абслугоўваюцца 11745 абанентаў, працуе 22 АТС, якія злучаны паміж сабой валаконна-аптычным кабелем. У канцы мінулага года зачынілася аошняя АТС каардынатнага тыпу ў Бераснёўцы. З дапамогай уключанага абсталявання мульцісэрвіснага абслугоўвання жыхары гэтага населенага пункта атрымалі магчымасць карыстацца перадавымі паслугамі. Да 2019 года па ўсёй рэспубліцы плануецца ўсе шматкватэрныя дамы пераключыць на тэхналогію xPON. Сёлета гэта работа павінна быць завершана ў Докшыцах і Бягомлі.

Хутка расце колькасць абанентаў інтэрнэту і ТБ Zala, сёння іх налічваецца 5701 і 7550 адпаведна. Вельмі добра “прыжыліся” пакеты “ЯСНА”. 618 абанентаў, ажыццяўляючы адзін плацеж, карыстаюцца трыма традыцыйнымі паслугамі: тэлефонам, тэлебачаннем і інтэрнэтам. Якасць мы гарантуем.

– Якімі будуць вашы словы-пажаданні напярэдадні прафесійнага свята?

– Іх адрасую нашым ветэранам і сённяшнім работнікам: жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў у працы і, канечне, заставацца такім дружным калектывам, як і зараз.

Гутарыла
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: кабельшчык-спайшчык 4 разраду лінейна-тэхнічнага ўчастка РВЭС Арцём Цімошчанка праводзіць вымярэнне параметраў кабельных ліній у Барсуках.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *