Вечер встречи выпускников прошел в СШ №1 г. Докшицы (Фото и видео)


img_2305Традыцыйная лютаўская сустрэча ў СШ № 1 г. Докшыцы сёлета была адзначана некалькімі круглымі датамі, звязанымі з гісторыяй старэйшай у раёне школы: 410 гадоў таму біскуп Станіслаў Кішка пабудаваў у Докшыцах касцёл, а пры ім была адкрыта школа, 155 гадоў таму ў Докшыцах пачало працаваць царкоўна-прыхадское вучылішча і 45 гадоў, як у райцэнтры быў уведзены ў эксплуатацыю сённяшні будынак школы №1.
На ўрачыстую праграму паважаных выпускнікоў, якія з настальгіяй разышліся па класах, сабраў гучны званок. Усхваляваныя, напоўненыя светлымі ўспамінамі, яны з радасцю віталі сваіх былых настаўнікаў: Марыю Пятроўну Працукевіч, Уладзіміра Пятровіча Арцімёнка, Фаіну Андрэеўну Юнцэвіч, Галіну Пятроўну Шугальскую, Аляксандра Аляксандравіча Савулава, Мікалая Сяргеевіча Ківу, Алену Іванаўну Карніловіч, Ірыну Расціславаўну Кірыенка, Аляксандру Яўгенаўну Ярашэвіч і іншых. Сярод выпускнікоў было некалькі чалавек першага выпуску новай, пабудаванай у 1973 годзе школы. Больш за дваццаць сабралася тых, хто атрымаў свой атэстат сорак гадоў таму.
– Нас было чатыры класы! – успаміналі яны. У “Г” класе вучыліся, у асноўным, дзеці з сельскай мясцовасці. У “В” класе былі амаль адны дзяўчынкі, у “А” – хлопцы. Дарэчы, трое з іх – Генадзь Казачонак, Анатоль Шышла і Андрэй Андрэеў – сталі афіцэрамі. Самы маленькі па колькасці вучняў “Б” клас (а гэта 25 чалавек) быў самым моцным па вучобе: чатыры яго выпускнікі скончылі школу з залатымі медалямі: Наталля Чумак, Вера Заяц, Сяргей Махонь і Віктар Трусаў.
– Ніколі не прапускаю вечары сустрэч, – адзначыла аднакласніца медалістаў, у мінулым настаўніца СШ № 1 Тамара Новікава. – Для мяне гэта не толькі хвалюючыя ўспаміны, але і кранальныя сустрэчы з маімі вучнямі.
Ад былых выпускнікоў слова трымала Ванда Паляніна, якая закончыла школу ў 1978 годзе. Незвычайны падарунак школе-юбілярцы зрабіла настаўніца Вольга Гарбачова: яна склала песню, што прагучала ў выкананні вакальнай групы навучэнцаў. Вучні малодшых класаў чыталі вершы, старшакласнікі – танцавалі, школьнымі жартамі падзяліліся юныя кавэзэшнікі. Фінальным акордам урачыстасці стала песня адзінаццацікласнікаў, якую выканалі сённяшнія вучні разам з былымі.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: выпускніцы 2003 года вітаюць першую настаўніцу Леакадзію Станіславаўну Паляк.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *