Сколько стоит собрать ребёнка в школу в Докшицком районе


izobrazhenie-004У жніўні адна з самых галоўных тэм для бацькоў – сабраць дзіця да школы. Тыя сем’і, якія выхоўваюць некалькіх дзяцей і ўжо праходзілі такі “фінансавы квэст”, у большасці сваёй выпрацавалі план дзеянняў. Адны з іх закуп­ляюць неабходныя для школы рэчы на працягу ўсяго года, другія чакаюць зніжкі, якія звычайна прапаноўваюць крамы бліжэй да 1 верасня. “Што? Дзе? Па якой цане?” – адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт “РВ” шукаў падчас маніторынгу “школьных базараў” райцэнтра.

Спажывецкая кааперацыя
Падлічыць агульную суму, якая пойдзе на набыццё адзення і канцылярыі, – задача не з лёгкіх: кошт рэчаў розны, фінансавыя магчымасці бацькоў – таксама. У крамах райста “Эрудыт” і “Дзіцячы свет” прадаўцы звычайна і самі падсумоўваюць, колькі будзе каштаваць сабраць дзіця ў школу. Высвятляю, што сёлетнія цэны не надта адрозніваюцца ад мінулагодніх. Сярэдні чэк сем’яў, якія ўжо набывалі патрэбнае для аднаго дзіцяці, наступны: канцылярскія тавары ў межах 50 – 70 рублёў, адзенне і абутак – 350 – 400 рублёў. Сумы, мякка кажучы, немаленькія. Ведаючы пра гэта, многія прадбачлівыя бацькі чакаюць дні зніжак. Дарэчы, калі ўлічыць апошнія, то менавіта ў “Эрудыце” можна набыць самыя танныя звычайныя сшыткі (каля 15 капеек). А вось рукзакі там каштуюць ад 50 рублёў.
У “Дзіцячым свеце” “кусаюцца” цэны на абутак і касцюмы. Напрыклад, камплект з камізэлькі і штаноў на першакласніка будзе каштаваць каля 50 рублёў, штаны з пінжаком абыдуцца ў 74,25 рубля. На падлетка такі касцюм увогуле каштуе 136 рублёў. Адзін пінжак для вучня-дашкольніка – 56 рублёў. Амаль столькі ж – школьны сарафан, якіх у краме выбар вялікі. Але ж на вешалках можна адшукаць і невялікую колькасць адзення па досыць прымальным кошце. Напрыклад, сімпатычны трыкатажны сарафанчык усяго за 12 рублёў. Дарэчы, падчас маніторынгу крама зусім не пуставала: пакупнікі ішлі і ішлі. На пытанне, чаму для набыцця патрэбных тавараў выбралі менавіта гэта месца, яны адказвалі, што аддаюць перавагу якасці адзення беларускіх вытворцаў, тым больш, што гэта вельмі важна для здароўя і камфорту дзіцяці.
Патрэбныя для вучняў рэчы можна набыць і на спецыяльным “Школьным кірмашы”, які працуе ў палатцы ля ўнівермага. Куткі школьніка прадугледжаны ў многіх крамах раёна.
Прыватны гандаль
У краме “Адзенне для дзяцей”, што на гандлёвай плошчы ў цэнтры горада, прыцягнулі ўвагу модныя кашулі з налакотнікамі коштам ад 23 рублёў. Амаль па такой жа цане блузкі разнастайных мадэляў. Камплект з камізэлькі і спадніцы каштуе 75 рублёў. Танней за яго можна набыць сарафан (ад 42 рублёў). Штаны на дзяўчынку – ад 28 рублёў, спаднічкі – ад 29 рублёў, спартыўныя касцюмы – ад 30 рублёў. У канчатковым выніку атрымалася 152 рублі.
Шырокі асартымент канцылярскіх тавараў прадстаўлены ў крамах “Лека”, “Пінокіа”, “Грант”. У “Пінокіа” (у будынку гасцініцы) вялікі выбар рукзакоў коштам ад 16 рублёў. У “Гранце”, што каля “Белаграпрамбанка”, дзейнічае 10-працэнтная зніжка на школьныя прыналежнасці. Звычайныя сшыткі там, як і ў “Лека”, каштуюць 18 капеек, просты аловак – 20 капеек, шарыкавая ручка – 25 капеек, акварэльныя фарбы (12 колераў) – 2,50 рубля, гуаш – 5,20 рубля, пластылін – 2,65 рубля, фламастары – 1,70 рубля.
Сапраўдным школьным кірмашом можна назваць жнівеньскі пятнічны базар у райцэнтры. Што ні палатка – канцылярыя або адзенне для вучняў. Напэўна, з-за спякоты ажыятажнага попыту ў іх не назіралася. Але вопытныя прадаўцы гэтым фактам не засмучаны: сапраўдны “бум” яны чакаюць бліжэй да пачатку навучальнага года. Набыць рукзак на базары можна коштам ад 15 рублёў. Вялікі выбар школьных сукенак з карункамі: чорныя, сінія і карычневыя коштам ад 25 рублёў. Ёсць нават белыя фартухі, якія звычайна карыстаюцца вялікім попытам у выпускніц. Менавіта на базары мы адшукалі самыя танныя касцюмы для хлопчыкаў (ад 40 рублёў). Каля 20 рублёў каштуюць штаны і кашулі для джэнтльменаў, амаль столькі ж спадніцы і блузкі для дзяўчат. Тут жа можна зэканоміць і на спартыўным касцюме, кошт якога ад 25 рублёў. Праўда, па заверах прадаўцоў, “натуральная” тканіна хрумсціць навобмацак і блішчыць на сонцы. Таннейшы, чым у крамах, і кошт абутку, але і да яго якасці ўзнікаюць пытанні.
Атрымліваецца, што, каб зэканоміць, трэба ўсё ж такі пабегаць па гандлёвых кропках. І аднаго дня для гэтай справы недастаткова. Як паказвае практыка, рыхтавацца да школы лепш загадзя: і выбар памераў большы, і спакусы набыць штосьці лішняе ў ажыятажы не будзе.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *