На месте происшествия — следователь Бердников из Докшиц

img_0615Сем гадоў, якія прайшлі з дня падпісання Указа Прэзідэнта “Аб зацвярджэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь”, паказалі, што супрацоўнікі створанай структуры ў стане вырашаць пастаўленыя перад імі задачы: весці актыўную барацьбу са злачыннымі праявамі. Ад эфектыўнай дзейнасці кожнага супрацоўніка напрамую зале­жыць выкананне асабліва важных функцый – забеспячэнне законнасці пры вытворчасці следства, аператыўнага і якаснага расследавання злачынстваў.

Каб разабрацца ў сітуацыі і зрабіць правільныя вывады пры рабоце з крымінальнымі справамі, патрабуецца адметная настойлівасць, пачуццё павышанай адказнасці. Менавіта такімі якасцямі валодае малады следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Дзяніс Берднікаў (на здымку), які атрыманыя ў час вучобы веды зараз прымяняе на практыцы.

– Шлях у прафесію быў выпадковым, – прыгадвае следчы. – Я марыў вучыцца ў музычнай установе, бо яшчэ ў школе добра спяваў і танцаваў. Але літаральна ў апошні момант вырашыў падтрымаць сябра, які ўгаварыў ра­зам паступаць у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь на следча-экспертны факультэт. Толькі мне ўдалося стаць курсантам, а яму, на жаль, не. Зараз больш блізка знаёмлюся з прафесіяй, каб зразумець, ці правільным быў мой выбар. З калектывам, дзе працую, вельмі пашанцавала. З першых дзён старэйшыя калегі дзяліліся вопытам, ра­зам са мною выязджалі на месца здарэння. Адным з тых, хто многаму навучыў, быў намеснік начальніка райаддзела Аляксандр Маслоўскі.

Зараз у Дзяніса Берднікава знаходзіцца ў вытворчасці пяць крымінальных спраў. А, наогул, за той непрацяглы час, што ён працуе, прыходзілася право­дзіць следства па раскрыцці крадзяжоў грошай і аўтамабіляў, выяўленні фактаў браканьерства і пагрозы забойствам. Лейтэнант юстыцыі сцвярджае, што ў яго рабоце трэба скрупулёзна падыходзіць да ўсяго: важна не ўпусціць нават самую дробязь, ад якой будзе залежаць далейшае вядзенне справы. Трэба ўмець прымяняць веды, знаходзіць зачэпкі, вылучаць версіі, правяраць іх. А яшчэ, прызнаецца следчы, мець стальныя нервы і цвёрды характар.
– У прафесіі следчага нельга лічыцца з асабістым часам, – гаворыць Дзяніс, – бо за кожнай крымінальнай справай стаяць лёсы людзей, і мы не маем права памылкай іх сапсаваць.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *