Слесарь, швея, автоледи работает на заводе «Ветразь» в Бегомле

izobrazhenie-137На Бягомльскім заводзе “Ветразь” большасць спецыялістаў – універсалы. У выпадку вытворчай неабходнасці яны могуць стаць практычна за любы станок і выконваць патрэбныя аперацыі. З гэтай катэгорыі і слесар-электрамантажнік прадпрыемства Тамара Ціманоўская, якая, акрамя зборкі дэталяў і вузлоў камплектуючых, без праблем можа сесці за машынку і дапамагчы выканаць заказ на пашыў спецадзення.

Але не толькі ўніверсальнасць стала перадумовай для артыкула аб Тамары Ціманоўскай. У тым, што яна жанчына цікавая, яркая і незвычайная, можна было ўпэўніцца падчас сёлетняга раённага конкурсу “АўтаЛэдзі – 2018”. У адрозненне ад большасці юных удзельніц на сучасных манеўраных аўто, яна на сваіх “Жыгулях” трымалася сціпла, але вельмі ўпэўнена, а калі справа дайшла да пытанняў пра ўстройства аўтамабіля, адказвала так цвёрда і дакладна, што мужчынскі склад журы, як кажуць, “зняў капялюш”. Гераіня артыкула з тэхнікай на “ты” з маладосці. Раней ездзіла на “Опелі”, але аддала яго дзецям, а для сябе і “Жыгулі” – верны сябар.
На “Ветразі” Тамара Іванаўна працуе толькі чатыры гады, ды за гэты час здолела завая­ваць павагу і аўтарытэт сярод кіраўніцтва і калег. На прадпрыемстве кажуць, што словы “не магу” і “не буду” не з лексікону жанчыны. Трэба – значыць трэба: шыць дык шыць у паездку – паедзем, у конкурсе – паўдзельнічаю, калі моладзі складана.
У Бягомль яна пераехала з Глыбоцкага раёна, а туды, на сваю малую радзіму, вярнулася з Латвіі, бо, кажа, вельмі крыўдзіла, калі да рускіх-беларусаў адносіны там сталі не толькі дрэннымі, а часам варожымі. Перавезла і маму адтуль. А ў Докшыцкі раён пераехала, каб быць бліжэй да дачкі з унукамі. Лёгкая на пад’ём, яна не прывыкла ныць і наракаць на жыццё. Хаця, як і ў кожнага, былі трагічныя моманты, калі меліся ўсе падставы, каб апусціць рукі. Але тое – былыя часы.
– Хапала ўсялякага: ледзь не засталася сіратою, калі стралялі ў маму, у мяне на руках памерла бабуля, дзяўчынкай пераехала ў Прыбалтыку, працавала там у сістэме МУС, дзяцей практычна адна падымала, — успамінае Тамара Іванаўна і дадае: – Затое вельмі моцны багаж за плячыма, якім на сёння ганаруся. Трыццаць восем гадоў стажу, чацвёра дзяцей, адзінаццаць унукаў. Дзякую лёсу, што яшчэ жыве матуля Таісія Флор’янаўна, якая, дарэчы, вельмі самастойная для сваіх 86 гадоў і да сённяшняга іграе на гармоніку. Гаспадарку раней трымала большую, зараз толькі кароўку, якая разам са мной у Бягомль пераехала. Яшчэ вось з работай пашчасціла: добры калектыў і заробак добры, – заканчвае яна свой маналог.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *