Окруженная любовью и заботой детей, встречает День матери Елена Коляго из агр. Порплище Докшицкого района

a-1371Восень жыцця для жанчын у паважаным узросце зусім не з’яўляецца шэрай, беднай на эмоцыі, падзеі і жаданні парой, як гэта можа здавацца маладым. Пэўная страта фізічных магчымасцей спаўна кампенсуецца набытым багажом ведаў, мудрасці і душэўнай гармоніі з акаляючым светам. Жыццё гэтак жа напоўнена яркімі фарбамі, а калі яшчэ сагрэта любоўю і клопатам блізкіх, праменіць радасцю і гордасцю за дзяцей, то і ўвогуле можна гаварыць пра ўсю шматгранную паўнату чалавечага і – асабліва – матулінага шчасця.
Алена Каляга з Порплішча (на здымку) пры сустрэчы падалася нам літаральна пранізанай мяккім святлом гэтага простага і сціплага пачуцця, асновай, падмуркам якога з’яўляецца сям’я. Траіх дзяцей – дачку і двух сыноў – выгадавала жанчына. Канешне, не адна, а разам з мужам Сцяпанам Давыдавічам, вернай спадарожніцай якога з’яўляецца ўжо без малога 57 гадоў. Яе мацярынскае шчасце ў разы памножылася з павелічэннем колькасці родных крывінак – не забываюць дарогу да бабулінага і дзядулевага парога сямёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў.
— Мы вучылі дзяцей цаніць працу, заробленую капейку, увесь час адзначалі, як важна быць адукаванымі людзьмі, правільна выбраць свой шлях, не здавацца перад цяжкасцямі, — дзеліцца Алена Сяргееўна сакрэтам выхавання. — А яшчэ заўжды падкрэслівалі, што важней за сям’ю, родных і блізкіх у жыцці чалавека нічога няма. Можа, дзякуючы гэтаму, а можа, божай міласці, дзеці выраслі дружнымі, не адарваліся адно ад аднаго ў дарослым жыцці, не забываюць бацькоўскі дом, рэалізаваліся ва ўласных сем’ях і ў прафесіях, навучыліся несці адказнасць не толькі за сябе, але і за работнікаў калектываў, якімі кіруюць – Алег зараз узначальвае аддзел землеўпарадкавання райвыканкама, Дзмітрый – РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, Ала ў гэтай арганізацыі працуе вядучым эканамістам. Больш сакрэтаў ніякіх не ведаю, хіба што яшчэ выхоўваць, канешне, трэба на ўласным прыкладзе. Дзецям добра ў сям’і, дзе паміж бацькамі ёсць павага, узаемаразуменне, падтрымка, любоў, і яны самі пасля будуць гэтак жа будаваць свае.
Варта адзначыць, што асноўны цяжар хатніх спраў на працягу многіх гадоў клаўся на плечы менавіта Алены Сяргееўны. Каб гэта яшчэ былі толькі клопат пра дзяцей ды вядзенне гаспадаркі, а то ж яшчэ і пастаянныя пераезды, пра якія ў народзе і жартам, і ўсур’ёз гавораць, што два з іх раўнасільны аднаму пажару. Сцяпан Давыдавіч пастаянна прападаў на рабоце, займаў высокія і адказныя пасады, таму пачыналі жыць у Крыпулях, а затым давялося мяняць, як кажуць, месцы дыслакацыі – Несцераўшчына, Замасточча, Бераснёўка. Завяршэннем гэтай “каруселі” па раёне стала Порплішча, дзе Сцяпан Каляга шмат гадоў працаваў старшынёй сельвыканкама.
– Ведаеце, усе гэтыя жыццёвыя цяжкасці і турботы – нішто ў параўнанні з радасцю, якую прыносяць дзеці, – гаворыць Алена Сяргееўна, і на вуснах яе блукае ціхая ўсмешка, а ў вачах загараюцца агеньчыкі. – Мы з мужам шчаслівыя бацькі, бо нашы дзеці нічым нас за жыццё не пакрыўдзілі, не зганьбілі, не прымусілі саромецца. Старанна вучыліся, з малых гадоў дапамагалі па гаспадарцы, а работы тады хапала з лішкам: сена трэба было нарыхтаваць на трох кароў ды каня, агароды палоць, заўжды бралі дзялянкі калгасных буракоў, дружна саджалі і капалі бульбу, рабілі нарыхтоўкі на зіму. Мне самой у розныя часы даводзілася працаваць касірам, дыспетчарам, бухгалтарам, эканамістам. Пакуль дзеці былі маленькія, вялікую дапамогу ў доглядзе за імі аказвала мая мама Марыя Мікітаўна. Ну а затым мы пачалі прывучаць іх да самастойнасці і адказнасці. Падрасла старэйшая дачушка Ала, пачала таксама прыглядаць за меншымі, нават імёны брацікам выбрала сама. Трэба сказаць, хлопцы слухаліся сястру, а нас, бацькоў, тым больш.
У першую чаргу павінна быць дысцыпліна. Любіць сваё дзіця не значыць калечыць яго маральна ўсёдазволенасцю, празмернай апекай, разважаннямі тыпу “яшчэ наробіцца, як стане дарослым”.
Наша размова некалькі разоў перарывалася тэлефоннымі званкамі. Алена Сяргееўна выбачалася перад намі, хуценька паведамляла сынам і дачцэ, што дома ўсё добра. І ў гэта верыцца, бо кожнай маці ў восеньскую пару жыцця надзейна пад моцнымі і цёплымі крыламі дзяцей, якія яна сама калісьці ім дала.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.

Один комментарий для “Окруженная любовью и заботой детей, встречает День матери Елена Коляго из агр. Порплище Докшицкого района

  • 15.10.2019 в 9:34 дп
    Permalink

    Каждая мама испытывает сильную любовь к своим детям. Многие склонны считать, что материнская любовь самая сильная на свете. И поэтому дети чувствую это любовь на себе, благодарны им всю свою жизнь за эту любовь и за возможность жить на этом свете.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *