С любой техникой на «ты» водитель КУП «Докшицкий» Виктор Толяронок

Вопытны вадзіцель-універсал Віктар Таляронак.

Вопытны вадзіцель-універсал Віктар Таляронак.

Працоўны стаж Віктара Таляронка з Крулеўшчыны пачаў сваё адлічэнне ў 1974 годзе. “Яшчэ пяцігодку пратрымацца, і можна ганарыцца паўвекавым юбілеем. Як казаў герой нейкага кінафільма, столькі не жывуць, колькі я працую”, – жартуе Віктар Віктаравіч.
Уся яго прафесійная дзейнасць звязана з тэхнікай. Яшчэ падчас службы ў арміі давялося на вялізарным цягачы МАЗ-537 перавозіць танкі. Затым працаваў на КамАЗе на цагляным заводзе ў Крулеўшчыне, на торфабрыкетным – на цеплавозе. Мае і правы механізатара.
У КУП “Докшыцкі” вопытны вадзіцель ужо пятнаццаць гадоў. Займаўся грузаперавозкамі, шчыраваў на корманарыхтоўцы на МАЗе. На аўтобусе колькі гадоў ад’ездзіў: у Віктара Віктаравіча адкрыты ўсе вадзіцельскія катэгорыі. Апошнія паўгода на ГАЗ-2754 “Собаль” дастаўляе на работу і дадому жывёлаводаў і аператараў машыннага даення – на тры фермы: “Парплішчанскі двор”, “Бабічы” і “Слабада”. Рабочы яго дзень пачынаецца ў тры гадзіны раніцы і заканчваецца каля дзевяці вечара. Без выхадных. Безумоўна, калі ёсць нейкая пільная патрэба, вадзіцеля могуць падмяніць, ды і за рулём ён, канешне, не 18 гадзін у суткі. Але, прызнаецца, дзень увесь разарваны, планаваць нейкія грандыёзныя справы не выпадае. Тым не менш адзначае, што прызвычаіўся і да такога рэжыму, ды і ўсё жыццё не шукаў лягчэйшых варыянтаў.
– А ў сельскай гаспадарцы дзе выбіраць лягчэйшыя? Ці ў жывёлагадоўлі, ці ў раслінаводстве, якія паміж сабою цесна звязаны, паняцця “нармаваны рабочы дзень”, мне здаецца, увогуле няма. Калі хочаш дабівацца дастойных вынікаў, калі сумленне не дазваляе адносіцца да справы абы-як, асабістым часам ахвяраваць даводзіцца. Інакш не трэба і совацца ў гэту сферу, – разважае Віктар Віктаравіч. – А калі звязаў жыццё з тэхнікай, то не будзь толькі “наезнікам” – вывучы, перабяры да апошняга вінціка, глядзі за ёй, не даводзь да крытычнага стану. Ёсць тэхніка больш і менш якасная, ёсць новая і старэнькая, якая дае то там, то сям збоі, але дрэннай няма – ёсць дрэнныя кіроўцы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *