Первая в Докшицком районе на севе кукурузы — ОАО «Барсучанка»

IMG_9828Дбайныя гаспадары ўжо сёння пачынаюць клапаціцца пра кармы для жывёлы на будучую зімоўку. Калі хтосьці падумае, што яшчэ ранавата, травы не выраслі, то памыляецца: кукуруза – адзін з найбольш спажыўных відаў кармоў, а яе пара ўжо сеяць.
Усяго па раёне сёлета запланавана заняць гэтай культурай 5700 гектараў. Тры гаспадаркі – ААТ “Барсучанка”, “Докшыцкі райаграсэрвіс” і КУП “Докшыцкі”– ужо прыступілі да сяўбы.. У райаграсэрвісе засеяна 165 гектараў, у “Докшыцкім” пакуль толькі 12.
А найбольш хуткімі тэмпамі працуюць барсучанскія механізатары, якія засеялі ўжо больш чым палавіну адведзенай пад кукурузу плошчы – 460 гектараў з 815-ці запланаваных. Гэты здымак мы зрабілі на полі, што знаходзіцца паміж вёскамі Масловічы і Пералоі. На трактары МТЗ-3032 з сеяльным агрэгатам АПП-6 працаваў адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Аляксандр Рамашоў. Там жа сустрэлі і галоўнага спецыяліста палёў – агранома Андрэя Альхімёнка.
– На гэтым полі мы і летась вырошчвалі кукурузу, – расказвае Андрэй Іосіфавіч. – Яна з’яўляецца монакультурай, а таму гады чатыры можа на адным месцы даваць добры ўраджай.

Глебу папярэдне ўзаралі, пракультывавалі, унеслі неабходную колькасць азоту, фосфару. Зямля сухая, тэхніка не прабуксоўвае. Словам, рабоце нічога не перашкаджае.
З галоўным аграномам поўнасцю згаджаецца і сам сеяльшчык:
– Пачынаю свой рабочы дзень у 6 гадзін і працую да 9-ці вечара, – паведамляе Аляксандр. – Вясной на сяўбе дарагая кожная хвіліна. Таму, каб не траціць яе дарэмна, абеды і падвячоркі прывозяць прама на поле. Такім чынам я лёгка спраўляюся з даведзенай нормай выпрацоўкі і нават перавыконваю яе. Замест 40 гектараў засяваю штодзённа па 50 – 60.

Анна ЖОЎТКА.
На здымку (злева направа): галоўны аграном ААТ “Барсучанка” Андрэй Альхімёнак і механізатар Аляксандр Рамашоў правяраюць якасць задзелкі насення ў глебу.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *