Циклон «Даниелла» принёс снег и метель в Докшицы

IMG_4254Як і прадказвалі сіноптыкі, 12 студзеня цыклон “Даніэла” наведаў Беларусь. Напярэдадні вечарам пайшла гуляць ужо крыху забытая завіруха, а раніцай горад і зусім было не пазнаць. Даволі тоўстая коўдра снегу, які ўсё працягваў сыпаць, пакрыла ўсё навокал.

Для дзяцей і дарослых доўгачаканы снег у радасць, а для камунальнікаў і дарожнікаў – выпрабаванне на прафесіяналізм.

– Да вялікага снегу былі гатовы, – зазначае начальнік участка па добраўпарадкаванні РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Галіна Глымушка. Звечара тэхніка, якая задзейнічана на расчыстцы, стаяла на лінейцы гатоўнасці з прычэпленымі лапатамі. Ноччу ў тры гадзіны на гарадскія вуліцы вывелі свае трактары Тадэвуш Тумашэвіч, Генадзь Кміта, Аляксей Баранчук, Генадзь Кішэня, Аляксандр Пашкевіч. Затым на аўтамабілях для адвозкі снегу выехалі Пётр Таляронак, Стась Міхалевіч і Пётр Кіцько. За імі выйшлі сем дворнікаў. Першымі пачалі расчышчаць завужаныя часткі вуліцы Ленінскай, Піянерскай, аўтамабільныя стаянкі (на здымку). Хачу зазначыць, што сёлета, дзякуючы намаганням нашага дырэктара, тэхніка да сезону падрыхтавана як ніколі: пастаўлены новыя маторы, заменена гума. Зараз галоўнае – максімальна прадумана і эфектыўна выкарыстоўваць тыя рэзервы, што маем, і ніякія цыклоны нас не спужаюць.

Прыкладна ў гэты ж час на дарогі раёна выйшла 15 адзінак тэхнікі ДРБУ № 180. Праз некалькі гадзін, калі снегу стала больш, падключылася яшчэ тры адзінкі больш магутных трактароў. Да вечара колькасць спецтэхнікі перавышала два дзясяткі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *