Большой популярностью в Докшицах пользуются скамейки

IMG_6686Сёння работнікі КУП бытавога абслугоўвання “Бытавік” прапануюць жыхарам раёна разнастайны спектр работ і паслуг. Сярод звыклых – пашыў адзення, рамонт абутку, паслугі цырульніка, хімчыстка і мыццё бялізны. Прадпрыемства займаецца рэалізацыяй дроў, праводзіць распілоўку лесу. У раёне працуюць 9 КПП. Так, апошнім часам сваю дзейнасць аднавілі комплексныя прыёмныя пункты ў Гняздзілаве і Прудніках, якія не абслугоўвалі насельніцтва два з паловай гады, а зараз сталі лідарамі па рэалізацыі тавараў і паслуг сярод сельскіх населеных пунктаў. IMG_6659
За 2-і квартал бягучага года тэмп росту аказання бытавых паслуг прадпрыемства склаў 108 %, аб’ём іх рэалізацыі ў сельскай мясцовасці вырас да 127% (у мінулым годзе – 91,9%).
У красавіку “Бытавік” узначаліў Кірыл Ванюшын (здымак 1), які вырашыў зрабіць стаўку на такі накірунак дзейнасці, як дрэваапрацоўка, і ўшчыльную заняцца гэтым. Кожны дзень у сталярным цэху кіпіць работа, дзе выпускаецца прадукцыя з дрэва. Тое, што яна будзе запатрабаваная, сумненняў не было.
– Мы асвоілі выпуск новай прадукцыі, якая карыстаецца попытам у насельніцтва, – гаворыць Кірыл Анатольевіч. – Штодня вырабляем лаўкі, сталы, стульчыкі, альтанкі, лесвіцы, будкі, карыты для жывёлы, вулічныя туалеты і многае іншае (здымак 2). Прымаем індывідуальныя заказы ад жыхароў раёна, арганізацый і прадпрыемстваў. Па пятніцах арганізоўваем гандаль уласнай прадукцыяй ля Дома быту ў райцэнтры, выязджаем у вёскі. Шчыра сказаць, нават не паспяваем спраўляцца з той колькасцю заказаў, якія паступаюць ад нашых кліентаў. Вырабы распрадаюцца імгненна. А ўсё таму, што цэны ў нас самыя прымальныя. Стараемся знайсці падыход да кожнага кліента з улікам усіх яго пажаданняў. Працуем як па наяўным, так і безнаяўным разліку. Нават прапануем набыць тавар у растэрміноўку на тры месяцы без працэнтаў.
У планах – больш паглыблена заняцца гэтым відам дзейнасці, каб выпускаць з сухога піламатэрыялу высокай якасці зэдлікі, дзверы, міжпакаёвыя лесвіцы. У бліжэйшы час збіраемся закупіць кромкаабразны і фрэзерны станкі для вырабу балясін і дэкаратыўных элементаў. А гэта яшчэ адно новае працоўнае месца.
Увогуле, Кірыл Ванюшын лічыць, што рэзерваў для ўвасаблення новых ідэй і планаў яшчэ шмат. Напрыклад, хутка жыхары раёна змогуць скарыстацца новай і даволі-такі запатрабаванай у наш час паслугай па чыстцы дываноў, мяккай мэблі і салонаў аўтамабіляў. Для гэтага прадпрыемства плануе набыць спецыяльнае абсталяванне з хімічнымі рэагентамі. Спецыяліст сам прыедзе на дом і якасна зробіць усю патрэбную работу.
Многія з нас, набываючы мэблю альбо бытавую тэхніку, сутыкаюцца з пытаннем, дзе б знайсці транспарт, каб даставіць пакупку з крамы дадому. Хутка і гэта пытанне будзе лёгкавырашальным, таму што “Бытавік” плануе набыць аўтамабільны прычэп, які можна будзе арэндаваць для перавозкі аб’ёмных грузаў.

 Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *