Семья и из Докшицкого района живёт в светлой любви

Яркі, заліты сонечным святлом чэрвеньскі дзень і такія ж светлыя, усмешлівыя твары – вось такі ўспамін пакінулі пра сябе вёска Сітцы і яе жыхары – людзі шчырыя, добразычлівыя, працавітыя і таленавітыя…

3 081

 

Дом сям’і Зайцавых у Сітцах уражвае чысцінёй, прасторам, святлом, якое, здаецца, выпраменьваюць нават сцены. Праходзіць пэўны час – і становіцца зразумела: святло гэтае ідзе ў першую чаргу ад усмешак яго жыхароў, якіх па сучасных мерках шмат – шасцёра. Галава сям’і Мікалай адсутнічаў. Ён працуе на чыгунцы ў Параф’янаве. Затое астатнія сямейнікі былі ў поўным зборы. Мама Кацярына, тэхнолаг па адукацыі, працавала раней у кафэ “Александрыя” ў Докшыцах, а ў перапынку паміж водпускамі па доглядзе за дзецьмі – паштальёнам у Сітцаўскім аддзяленні сувязі. Другі па старшынстве мужчына ў доме Лявонцій, сур’ёзны і салідны. Яўгенія, таксама ўжо школьніца, сапраўдная беларусачка: светлавалосая і сінявокая. Гарэза і шчабятушка Насця, самая смелая і непасрэдная з дзіцячага гурту. Ну і, канешне, Сямён, чыё нараджэнне два месяцы таму зраўняла лік мужчын і жанчын у доме.
Знаёмімся на кухні за круглым (немалаважная дэталь!) сталом. Каця распавядае, што яна родам са шматдзетнай сям’і, сямёра іх у бацькоў. Колькі будзе дзетак у самой, раней не задумвалася, не планавала, але нараджэнне кожнага – вялікае шчасце. Мужа таксама радуе, што ў іх такая вялікая і дружная сям’я, і ён нічога не мае супраць павелічэння колькасці яе членаў. Безумоўна, пра гэта гаварыць рана, але магчыма, што ў Сямёна з’явіцца калі-небудзь малодшы брацік ці сястрычка.
Як паспець адной жанчыне, пакуль муж на рабоце, дагледзець дзяцей, нагатаваць, памыць, прыбраць у доме (а парадак тут, па ўсім бачна, з’ява пастаянная)? А яшчэ ж і гаспадарка.
– А я не адна, – кажа Каця. – Вунь у мяне колькі памочнікаў! Кожны ведае сваю справу, разумее, што парадак павінен быць ва ўсім, што ёсць час для таго, каб пагуляць і пазабаўляцца, а ёсць для таго, каб папрацаваць, нешта новае асвоіць, нечаму навучыцца. А гаспадарка… Так, трох кароў мы трымаем, але асноўны клопат па іх доглядзе ляжыць на мужы. Ён іх нават доіць.
– А яшчэ ў нас ёсць сабачка Байкал, – уступае ў гутарку Насця. – Мы яго кормім.
Тое, што выхаванне дзяцей у гэтай сям’і заснавана найперш на любові, адчуваецца адразу. Бачна, як старэйшыя апякуюцца над малодшымі, а ўжо ж Сямён проста “купаецца” ў пяшчоце. Варта было толькі захацець заплакаць па нейкай аднаму яму вядомай прычыне, як брат і сястрычкі наперабой кінуліся весяліць малечу. Яны ўпэўнена бяруць хлопчыка на рукі, гушкаюць і забаўляюць.
– Я ў адносінах да дзяцей больш строгая і патрабавальная – такая ўжо мая місія, – усміхаецца мама. – Мікалай больш ліберальны, дазваляе пагарэзнічаць, таму яго з нецярпеннем чакаюць вечарам з работы, асабліва Насця. Але яна ж у таты і першая памочніца.
Каця лічыць, што ніякага сакрэту, як зрабіць так, каб сям’я была шчаслівай, няма. Проста трэба любіць адзін аднаго, паважаць, улічваць асаблівасці характараў і на ўласным прыкладзе закладваць у дзецях разуменне, якім павінна быць сямейнае жыццё. Думаецца, у Зайцавых гэта цудоўна атрымліваецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *